17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікі турбізнесу Беларусі прымуць удзел у форуме Travel HUB "Садружнасць", які пройдзе 1-3 кастрычніка ў Махачкале, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі.
На форуме збяруцца парламентарыі, прадстаўнікі органаў улады, галіновых саюзаў і эксперты з краін СНД. У цэнтры ўвагі - развіццё горнага, сельскага і экалагічнага турызму, падрыхтоўка кадраў, лічбавізацыя галіны і стварэнне сумесных маршрутаў, якія зацікавяць падарожнікаў як унутры рэгіёна, так і за яго межамі.
Ключавым момантам стане пленарнае пасяджэнне "Год горнага турызму ў СНД: новыя гарызонты супрацоўніцтва" з удзелам кіраўнікоў турыстычных ведамстваў і горных курортаў. У праграму таксама ўключаны стратэгічная сесія па развіцці гарналыжнага турызму, дыскусіі аб лічбавых тэхналогіях у турызме, падрыхтоўцы кадраў і кіраванні інфраструктурай, абмеркаванне балансу паміж дзікай прыродай і турыстычным асваеннем.
Адбудуцца круглыя сталы па агратурызме і міжнародным турызме ва ўмовах шматпалярнага свету, прэзентацыі новых праектаў, дзелавыя сустрэчы і падпісанне пагадненняў.
Для гасцінічнага бізнесу выдзелена асобная праграма "Будучыня гасцінічнай індустрыі: тэхналогіі, устойлівасць і персаналізацыя".
Адной з важных падзей стане пасяджэнне рабочай групы па турызме Саюзнай дзяржавы, дзе абмяркуюць развіццё сумесных маршрутаў і рост узаемнага турпатоку паміж Беларуссю і Расіяй, а таксама іншымі краінамі СНД.
"Для нас удзел у Travel HUB "Садружнасць" - гэта магчымасць не толькі чарговы раз расказаць аб сваім турпатэнцыяле, абмеркаваць тэндэнцыі і выклікі галіны, але і прапанаваць канкрэтныя ідэі для сумесных праектаў у рамках СНД, - адзначыў старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза туріндустрыі Піліп Гулы. - Турызм сёння становіцца важным інструментам развіцця эканомікі, і Беларусь гатова дзяліцца сваім вопытам і фарміраваць новыя фарматы супрацоўніцтва. Сёння мы бачым актыўны рост інтарэсу беларусаў да напрамкаў СНД, напрыклад, да Узбекістана і Азербайджана. Мы ўпэўнены, што рабочая група па турызме пры Міжпарламенцкай асамблеі СНД можа стаць пляцоўкай, дзе рашэнні будуць не толькі абмяркоўвацца, але і ўвасабляцца. Спадзяёмся, што ў будучым такі форум пройдзе і ў Беларусі".
Форум праводзіць Міжпарламенцкая асамблея СНД пры падтрымцы Міністэрства турызму і народных мастацкіх промыслаў Дагестана, Мінэканамразвіцця РФ, Мінсельгасхарча РФ і Мінпрыроды РФ.