У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 9 жніўня 2020 года
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

6 Май 2020

Трохгадовы праект ПРААН па развіцці бізнесу ў рэгіёнах завяршыўся ў Беларусі

Трохгадовы праект ПРААН па развіцці бізнесу ў рэгіёнах завяршыўся ў Беларусі
Фота ПРААН

6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 3 тыс. чалавек прынялі ўдзел у мерапрыемствах праекта "Садзейнічанне занятасці і самазанятасці насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Рэспублікі Беларусь" ("Малыя гарады"), які на працягу трох гадоў рэалізоўвалі ПРААН і Мінэканомікі Беларусі пры фінансавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі. Створаная на яго сродкі інфраструктура прадаўжае развіваць малы бізнес у Магілёўскай і Віцебскай абласцях, паведаміў БЕЛТА PR-спецыяліст праекта Дзмітрый Новік.

Для эканамічнага развіцця малых гарадоў важна спыніць адток працаздольнага насельніцтва ў вялікія населеныя пункты. На момант запуску праекта ў 2017 годзе ўдзельная вага суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў агульных бюджэтных паступленнях па Беларусі была роўная 24,9 працэнта, а ў раёнах, выбраных у якасці пілотных пляцовак для рэалізацыі праекта, гэта лічба вар'іравалася ад 10 да 20 працэнтаў.

Для павелічэння гэтых паказчыкаў праектам "Малыя гарады" была створана інфраструктура падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу ў шасці гарадах Магілёўскай і Віцебскай абласцей: Крычаве, Мсціславе, Чавусах, Горках, Барані і Глыбокім. Паводле слоў намесніка міністра эканомікі Беларусі і нацыянальнага каардынатара праекта "Малыя гарады" Дзмітрыя Матусевіча, гэта рашэнне было прадыктавана імкненнем падтрымаць прадпрымальнікаў у рэгіёнах і даць ім тыя ж магчымасці, што і ў жыхароў вялікіх гарадоў, дзе размешчана большасць цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва.

"Мы разлічваем, што гэта прывядзе да росту колькасці суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў гэтых рэгіёнах, - адзначыў Дзмітрый Матусевіч. - Тут мы пайшлі на эксперымент і сталі сведкамі з'яўлення гібрыдных форм абслугоўвання прадпрымальнікаў. Напрыклад, калі цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва таксама займаюцца бізнес-інкубаваннем або інтэгруюць бізнес-інкубатар у тэхнапарк. Упэўнены, такі перспектыўны суб'ект інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, які будзе ў бліжэйшы час развівацца ў Беларусі".

Цяпер на ўсіх створаных пляцоўках працуюць дасведчаныя эксперты па развіцці малога бізнесу: кансультуюць, дапамагаюць складаць бізнес-планы, шукаць выгадныя крыніцы фінансавання. Некаторыя цэнтры нават даюць у арэнду абсталяваныя памяшканні для офіса на льготных умовах. За час сваёй работы цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва правялі больш за 1,1 тыс. бясплатных кансультацый, дапамаглі ў стварэнні 58 новых суб'ектаў бізнесу.

Для кожнага са створаных цэнтраў падтрымкі ўлічваліся асаблівасці рэгіёна. Напрыклад, работа ў Мсціславе арыентавана на раскрыццё турыстычнага патэнцыялу рэгіёна і ўключэнне мясцовых жыхароў у аказанне паслуг гасцям. У мінулым годзе прайшла афіцыйная прэзентацыя інтэрактыўнага турмаршруту, дзе падарожнікам акрамя іншага прапануюць наведаць майстар-класы, дэгустацыі і тэатралізаваныя шоу ад мясцовых прадпрымальнікаў і рамеснікаў. Удалым прыкладам выкарыстання дэмаграфічнай спецыфікі рэгіёна можна лічыць бізнес-інкубатар у Горках на базе тэхнапарка. У самым цэнтры студэнцкага гарадка сельгасакадэміі з'явілася сучасная каворкінг-прастора, дзе рэгулярна праходзяць навучальныя бізнес-мерапрыемствы і праграмы для стартапаў. Прыцягненне студэнтаў прыбаўляе рабоце бізнес-інкубатара мультыплікацыйны эфект: пасля завяршэння вучобы рэзідэнты бізнес-інкубатара змогуць прымяняць атрыманыя веды і ажыццяўляць ідэі ў сваіх родных гарадах.

З 2017 года праект правёў больш за 110 бясплатных навучальных мерапрыемстваў у гарадах Віцебскай і Магілёўскай абласцей, а таксама ў Мінску, дзе збіраліся прадпрымальнікі з усіх рэгіёнаў краіны. Больш за 3 тыс. чалавек прайшлі навучанне асновам прадпрымальніцтва, маркетынгу, франчайзінгу, фінансаванню малога бізнесу ў рэгіёнах. Асаблівую цікавасць выклікалі бізнес-школы "Я сама", дзе жанчын не толькі навучалі асновам вядзення бізнесу, але і дапамагалі пераадолець унутраныя бар'еры і стэрэатыпы аб жаночым прадпрымальніцтве.

"Па выніках праведзеных апытанняў, больш як палавіна ўдзельнікаў атрымала матывацыю на стварэнне свайго бізнесу, а 22 працэнты з усіх апытаных пачалі арганізацыю або пачалі ўжо сваю справу пасля навучання ў нас, - падкрэсліла кіраўнік праекта "Малыя гарады" Марына Каліноўская. - Акрамя таго, па праекце былі распрацаваны спецыяльныя навучальныя дапаможнікі па асновах прадпрымальніцтва, франчайзінгу і кластарах у рэгіёнах. Атрымаць іх бясплатна могуць усе жадаючыя ва ўсіх шасці цэнтрах падтрымкі прадпрымальніцтва, а таксама ў электронным выглядзе на сайце ПРААН".

Бясплатнае навучанне прадоўжыцца і пасля завяршэння праекта дзякуючы намаганням бізнес-інкубатараў, для якіх было закуплена абсталяванне для вучэбнага працэсу, у тым ліку дыстанцыйнага. Адным з першых у такім фармаце пачаў працаваць мсціслаўскі цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва: ужо цяпер на яго сайце ў свабодным доступе можна знайсці відэакурс па павелічэнні продажаў у рознічным гандлі, а ў далейшым курсы будуць распрацоўвацца зыходзячы з запатрабаванняў саміх прадпрымальнікаў.

За тры гады праекту "Малыя гарады" ўдалося выбудаваць плённае супрацоўніцтва паміж дзяржавай, некамерцыйнымі арганізацыямі і прадстаўнікамі дзелавой супольнасці Беларусі. Паводле слоў Пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Аляксандры Салаўёвай, праект дапамог прадпрымальнікам з рэгіёнаў у пошуку новых партнёраў, пашырэнні сваёй прысутнасці на беларускім і расійскім рынках. "У час навучальных паездак і стажыровак прадпрымальнікі і прадстаўнікі раённых адміністрацый падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве, заключылі дагаворы аб пастаўках, устанавілі пабрацімскія сувязі паміж беларускім і расійскім гарадамі. Дзякуючы тэрытарыяльнай блізкасці з Расіяй прадпрымальнікі Магілёўскай і Віцебскай абласцей атрымалі дадатковыя магчымасці для росту свайго бізнесу", - падзялілася Аляксандра Салаўёва.

Агульны бюджэт праекта склаў амаль $1,2 млн. Дадатковае фінансаванне было выдзелена Банкам развіцця Рэспублікі Беларусь, з якім ПРААН падпісала мемарандум аб супрацоўніцтве. У 2018-2019 гадах па сумесна распрацаванай крэдытнай праграме "Падтрымка рэгіёнаў і жаночага прадпрымальніцтва" са сродкаў Банка развіцця было прадастаўлена ў цэлым $5,8 млн для 140 праектаў суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс