Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

3 Чэр 2016

Трэці Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе 7-8 чэрвеня ў Мінску

3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Трэці Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе 7-8 чэрвеня ў Мінску, паведамляе БЕЛТА.

Мэта форуму - пашырэнне беларуска-расійскага рэгіянальнага супрацоўніцтва і садзейнічанне ўстанаўленню прамых кантактаў паміж рэгіёнамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі ў сацыяльна-эканамічнай, навукова-адукацыйнай, культурна-гуманітарнай і іншых сферах.

Напярэдадні форуму і ў перыяд яго правядзення пройдуць спецыялізаваныя мерапрыемствы, у тым ліку 26-я міжнародная выстаўка "Белагра-2016", фестываль рэгіянальных тэлеканалаў Беларусі і Расіі "Вобраз часу", другі этап спартакіяды Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва, творчы марафон дзіцячай творчасці Беларусі і Расіі "Дзве краіны - адзін лёс", маладзёжны Форум IT-youth, шэраг міжнародных канферэнцый, семінараў, круглых сталоў. Дэлегаты форуму таксама прымуць удзел у мерапрыемствах Дзён Масквы ў Мінску, якія пройдуць 7-9 чэрвеня.

Спецыяльна да Форуму рэгіёнаў прымеркавалі і міжнародную выстаўку "Белагра-2016". у гэтым годзе яна пройдзе на тэрыторыі аэрапорта Мінск-1 і аб'яднае больш як 500 кампаній з 20 краін.

Плануецца, што ў мерапрыемстве прымуць удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, парламентарыі Беларусі і Расіі, кіраўнікі рэгіёнаў Беларусі і суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. У рамках форуму пройдзе пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.

У час пасяджэння арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Форуму рэгіёнаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч заявіў, што "Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі - гэта пляцоўка, дзе можна абмеркаваць канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў сучасных эканамічных умовах". "З улікам тых праблем, якія перажывае сусветная эканоміка, мы павінны падтрымаць ініцыятывы, што даюць магчымасць мінімізаваць цяжкасці ў эканамічным і сацыяльным жыцці нашых дзяржаў", - сказаў старшыня Савета Рэспублікі.

Міхаіл Мясніковіч таксама адзначыў, што ключавымі напрамкамі работы форуму павінны стаць правы грамадзян у гуманітарных пытаннях і маладзёжная палітыка. "На мой погляд, форум рэгіёнаў павінен узяць два ключавыя напрамкі работы. Першы - гэта роўныя правы грамадзян у нашым саюзным будаўніцтве. Папярэднія форумы былі прысвечаны сельскай гаспадарцы і прамысловасці, мы абмяркоўвалі роўныя ўмовы для беларускіх і расійскіх суб'ектаў гаспадарання. Цяпер мы гаворым аб гуманітарным супрацоўніцтве. Было б вельмі добра, калі б мы ў большай ступені зблізілі пазіцыі. Другі напрамак - маладзёжная палітыка", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Русецкі паведаміў, што ў форуме прыме ўдзел больш як 350 чалавек. Да пачатку афіцыйнай часткі мерапрыемства ў прадстаўнікоў Беларусі і Расіі будзе час на перагаворы і падпісанне кантрактаў. "Вось уявіце: прыязджае вялікая колькасць прадстаўнікоў рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і гэтак далей. Вядома, іх цікавіць не толькі абмеркаванне праблем. Для іх важнымі з'яўляюцца эканамічныя адносіны. Зразумела, будуць падпісвацца і кантракты, мы спадзяёмся, што іх будзе не менш, чым у Сочы", - адзначыў Анатоль Русецкі.

У рамках форуму пройдзе 9 секцый: "Беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў сферы працоўных адносін і сацыяльнай абароны насельніцтва", "Беларуска-расійскае культурна-гуманітарнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў сферы турызму: гістарычны і сучасны кантэкст", "Расійска-беларускае навуковае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Стан і перспектывы развіцця", "Расійска-беларускае супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы. Стан і перспектывы развіцця", "Беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў сферы маладзёжнай палітыкі", "Арганізацыя аказання медыцынскай дапамогі - важнейшы рэсурс захавання здароўя нацыі. Узаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі", "СМІ як значны фактар міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, фарміравання агульнай прасторы гуманітарных каштоўнасцей Саюзнай дзяржавы", "Паглыбленне гандлёва-эканамічных сувязей рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь як важны фактар у забеспячэнні харчовай бяспекі Саюзнай дзяржавы", "Развіццё супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў прамысловай сферы".

У другі дзень форуму пройдзе пленарнае пасяджэнне на тэму "Рэалізацыя ўзгодненай сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве: дасягненні, праблемы, шляхі вырашэння і перспектывы".

Беларусь - Расія: рэгіянальнае супрацоўніцтва

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі