9 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першыя транзітныя здзелкі па рэалізацыі льнянога валакна заключаны на Беларускай універсальнай таварнай біржы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
Прадаўцом выступіў вытворца льнопрадукцыі са Смаленскай вобласці Расіі, а пакупніком - тэкстыльнае прадпрыемства з кітайскай правінцыі Цзянсу. У ходзе гандлёвай сесіі бакі заключылі дзве здзелкі куплі-продажу кароткага і доўгага льнянога валакна агульным аб'ёмам 42 т. Да гэтага часу на БУТБ рэалізоўвалася выключна беларуская прадукцыя перапрацоўкі лёну.
У 2025 годзе транзітныя біржавыя здзелкі на БУТБ заключалі рэзідэнты Арменіі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана і Расіі. Агульная сума такіх кантрактаў склала $8,6 млн, што на 16 працэнтаў больш, чым у 2024 годзе. Пры гэтым таварная наменклатура таксама істотна пашырылася. У прыватнасці, "транзітам" праз БУТБ рэалізоўваліся топленыя жывёльныя тлушчы, фарба, спецыялізаваная мэбля, керамічная плітка, мыйныя сродкі, баваўняная тканіна, будаўнічыя сумесі, асвятляльнае абсталяванне, электрапрыборы, запчасткі і камплектуючыя для камп'ютарнай тэхнікі.
"У гэтым годзе акрэдытаваныя на біржы кампаніі-нерэзідэнты таксама дастаткова актыўна заключаюць транзітныя здзелкі. За першыя два месяцы іх сума перавысіла ўжо $1 млн. Акрамя льновалакна, прадметамі транзітных здзелак былі такія тавары, як лакі і фарбы, мэбля для сферы HoReCa (так званы сегмент гасціннасці, які аб'ядноўвае кафэ, рэстараны, турыстычны і гасцінічны бізнес. - Заўвага БЕЛТА), помпавае і газавае абсталяванне, баваўняная тканіна. Пакуль удзельная вага транзітнага сегмента не перавышае аднаго працэнта ў сукупным тавараабароце біржы. Тым не менш кожны год колькасць кампаній, якія прымяняюць гэту схему работы, павялічваецца. На біржавой пляцоўцы прадстаўнікоў замежнага бізнесу прыцягвае перш за ўсё шырокае кола патэнцыяльных партнёраў з 84 краін свету, празрысты механізм цэнаўтварэння і больш нізкі, чым на пазабіржавым рынку, узровень рызыкі. Як і ў мінулым годзе, лідарамі па колькасці і суме транзітных кантрактаў з'яўляюцца кампаніі з Расійскай Федэрацыі", - расказалі ў прэс-службе БУТБ.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.