Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

29 Ліп 2021

Сума транзітных здзелак на БУТБ з пачатку года вырасла ў 3,5 раза

Сума транзітных здзелак на БУТБ з пачатку года вырасла ў 3,5 раза
Фота з архiва

29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сума транзітных здзелак, ажыццёўленых замежнымі кампаніямі на Беларускай універсальнай таварнай біржы, з пачатку года вырасла ў 3,5 раза і склала $4,5 млн, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.

"Асаблівасць гэтага віду здзелак у тым, што і прадавец, і пакупнік з'яўляюцца нерэзідэнтамі Беларусі. У 2021 годзе ўдзельнікамі транзітных здзелак сталі кампаніі з Латвіі, Літвы, Расіі, Польшчы і Эстоніі. У той жа час пашырылася і таварная наменклатура такіх транзакцый. Так, калі ў першым паўгоддзі 2020 года яны закраналі толькі прамысловыя і спажывецкія тавары, то цяпер транзітныя здзелкі рэгіструюцца практычна па ўсіх прадстаўленых на БУТБ таварных напрамках", - расказаў Раман Яніў.

Часцей за ўсё ў гэтым годзе транзітныя здзелкі заключаліся ў секцыях лесапрадукцыі і прамысловых і спажывецкіх тавараў. Напрыклад, расійскія кампаніі актыўна пастаўлялі ў краіны Балтыі і Польшчу піламатэрыялы хвойных парод. У выніку за першае паўгоддзе было зарэгістравана 77 транзітных здзелак на суму $968 тыс. У секцыі прамысловых і спажывецкіх тавараў таксама працавалі пераважна рэзідэнты Расіі. Прадметамі здзелак з'яўляліся тканіны, асвятляльнае абсталяванне, мэбля, маторнае масла. Усяго было ажыццёўлена 76 такіх транзакцый на суму каля $2,3 млн. Па секцыі сельгаспрадукцыі ў 2021 годзе была толькі адна здзелка, але на даволі вялікую суму - $1,2 млн. Контрагентамі выступілі дзве літоўскія кампаніі - пастаўшчык і спажывец рапсавага алею.

"Гэта значыць можна сцвярджаць, што беларуская біржавая пляцоўка паступова заваёўвае папулярнасць сярод прадстаўнікоў замежнага бізнесу, для якіх першараднае значэнне мае мінімізацыя рызык. Таму ў далейшым разлічваем на рост долі транзітных здзелак у біржавым тавараабароце", - адзначыў прэс-сакратар.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі