Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

11 Стд 2016

Снапкоў: Інвестыцыі ў Віцебскую вобласць за 5 гадоў павінны скласці не менш як $2,5 млрд

11 студзеня, Віцебск /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Прыцягненне інвестыцый і стварэнне новых высокапрадукцыйных прадпрыемстваў дапаможа Віцебскай вобласці выйсці на дастойны ўзровень устойлівага развіцця. Аб гэтым заявіў сёння ў Віцебску намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалай Снапкоў, прадстаўляючы актыву рэгіёна новага памочніка Прэзідэнта - галоўнага інспектара па Віцебскай вобласці Аляксандра Пазняка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сумарны аб'ём інвестыцый за 5 гадоў павінен скласці не менш як $2,5 млрд, кожны год неабходна ствараць не менш як 200 новых высокапрадукцыйных прадпрыемстваў. Толькі такі падыход знізіць вельмі вострую залежнасць вобласці ад работы нафтахімічнага комплексу, дасць магчымасць забяспечыць рост сярэдняй заработнай платы і даходаў насельніцтва", - упэўнены намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Паводле слоў Мікалая Снапкова, комплекс пагроз для ўстойлівага развіцця рэгіёна фарміруюць тры асноўныя праблемы. Першая - нізкая эфектыўнасць і рэзультатыўнасць эканамічнай дзейнасці (аб'ём ВРП на аднаго занятага ніжэйшы за сярэдні па рэспубліцы ўзровень, экспарт на аднаго жыхара ніжэйшы за сярэднерэспубліканскі ўзровень, па выніках 10 месяцаў 2015 года больш за чвэрць арганізацый працуюць са стратай і г.д.). Другая вострая праблема - гэта нізкія тэмпы мадэрнізацыі вытворчасцей і інтэнсіўнасці інвестыцыйнай дзейнасці (па аб'ёмах інвестыцый у асноўны капітал у разліку на аднаго жыхара вобласць адстае ад сярэдняга паказчыка па рэспубліцы). "Пры гэтым інвестыцыйныя рэсурсы канцэнтруюцца ў гарадах абласнога падпарадкавання, у выніку чаго адбываецца далейшае аслабленне эканамічнага патэнцыялу раёнаў. З першай і другой прычыны вынікае трэцяя асноўная пагроза ўстойлівага развіцця вобласці - гэта скарачэнне дэмаграфічнага і працоўнага патэнцыялу, асабліва ў малых гарадах і сельскай мясцовасці", - канстатаваў Мікалай Снапкоў. Ён падкрэсліў, што людзі выязджаюць з раёнаў, дзе не могуць знайсці работу з дастойным заработкам.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта выказаў упэўненасць, што старшыня Віцебскага аблвыканкама і новы памочнік Прэзідэнта ведаюць умовы вырашэння гэтых складаных задач. "Першае - кадры, другое - стратэгія, трэцяе - зладжанасць вертыкалі, - канстатаваў Мікалай Снапкоў. - Пра зладжанасць размова асаблівая: дысцыпліна і нефармальнае стаўленне да людзей - гэта асноўнае патрабаванне Прэзідэнта".

Мікалай Снапкоў нагадаў, што назначаючы Аляксандра Пазняка на пасаду, кіраўнік дзяржавы дакладна вызначыў кола задач, у ліку якіх стварэнне эфектыўнага рэзерву кадраў сумесна з губернатарам. "Праблем у Віцебскай вобласці дастаткова, і некаторыя з іх маюць хранічны характар, таму памочнік разам з губернатарам павінны працаваць па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці. Маючы неабходную тэарэтычную падрыхтоўку і каласальны практычны вопыт работы ў дзяржорганах, Аляксандр Пазняк можа забяспечыць вырашэнне задач на належным прафесійным узроўні", - рэзюмаваў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі