24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Актыўны інвестыцыйны пакет з Кітаем уключае каля 80 праектаў на агульную суму $5 млрд. Аб гэтым на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы па ключавых інвестпраектах з замежнымі краінамі заявіў першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На гэты момант актыўны інвестыцыйны пакет з Кітаем уключае каля 80 праектаў на агульную суму $5 млрд", - сказаў першы віцэ-прэм'ер.
Паводле слоў Мікалая Снапкова, інвестпраекты можна падзяліць на некалькі груп. Гэта не толькі тыя, якія рэалізуюцца ў Беларусі, у першую чаргу на пляцоўцы індустрыяльнага парка "Вялікі камень", але і сумесныя праекты за мяжой, а таксама некалькі на тэрыторыі самога Кітая.
З добрай дынамікай з'яўляюцца новыя праекты, ідзе актыўная стадыя правядзення гадоў прамысловай кааперацыі, якімі ў беларуска-кітайскім супрацоўніцтве аб'яўлены 2026-2027 гады.
"Толькі за апошнія 4 месяцы ініцыявана больш як 20 праектаў агульным коштам каля $3 млрд. І гэта нерадавыя праекты", - заявіў Мікалай Снапкоў.




Ён падкрэсліў, што Кітай з'яўляецца адным з ключавых інвестараў у Беларусь, заняўшы ў 2025 годзе чацвёртае месца па гэтым паказчыку. Яркае пацвярджэнне таго - пастаянны рост колькасці арганізацый з кітайскім капіталам. У 2025 годзе з прыцягненнем кітайскага капіталу і тэхналогій рэалізоўвалася каля 60 інвестпраектаў з агульным аб'ёмам заяўленых інвестыцый $1,6 млрд. З іх 52 праекты - у індустрыяльным парку "Вялікі камень".
Частка рэалізуемых праектаў звязана з трансферам кітайскіх тэхналогій. Гэты напрамак у тым ліку замацаваны ў прэзідэнцкай Дырэктыве, якая датычыцца развіцця супрацоўніцтва з КНР. "Трансфер сістэмных і перспектыўных тэхналогій для асваення і ўкаранення ў вытворчасць вызначаны як задача", - сказаў першы віцэ-прэм'ер.
Мікалай Снапкоў таксама пацвердзіў прэзідэнцкі тэзіс аб тым, што развіццё супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў Беларусі і Кітая з'яўляецца самым аптымальным і рэзультатыўным шляхам прыцягнення кітайскіх інвестыцый. Работа ў гэтым напрамку вядзецца, пацвярджэннем чаго стаў першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Кітая, які прайшоў 1 ліпеня 2026 года ў правінцыі Ганьсу.
"Мэтавая задача абласцям вызначана - гэта праактыўная работа са сваімі правінцыямі-пабрацімамі", - сказаў першы віцэ-прэм'ер.