18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік адміністрацыі СЭЗ "Мінск" Анатоль Калінін і намеснік генеральнага дырэктара карпарацыі развіцця Ніжагародскай вобласці Антон Гаранін падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Цырымонія адбылася ў час III Міжнароднага форуму асаблівых эканамічных зон у Ніжнім Ноўгарадзе, паведамілі БЕЛТА ў сталічнай СЭЗ.
У рамках пагаднення бакі дамовіліся аказваць садзейнічанне прадпрыемствам, якія плануюць або рэалізуюць інвестыцыйныя праекты на тэрыторыі Мінскага рэгіёна і Ніжагародскай вобласці. "Я перакананы, што падпісанне пагаднення паміж свабоднай эканамічнай зонай "Мінск" і Карпарацыяй развіцця Ніжагародскай вобласці стане важным крокам ва ўмацаванні двухбаковага рэгіянальнага супрацоўніцтва, накіраванага на развіццё кааперацыйных сувязей паміж прадпрыемствамі рэгіёнаў, рэалізацыю сумесных ініцыятыў, што, у сваю чаргу, будзе садзейнічаць далейшаму росту эканомік нашых краін", - падкрэсліў Анатоль Калінін.
Таксама Карпарацыя развіцця і СЭЗ "Мінск" маюць намер праводзіць сумесныя мерапрыемствы, накіраваныя на азнаямленне патэнцыяльных інвестараў з магчымасцямі вядзення бізнесу на тэрыторыі дзвюх краін. "Карпарацыя развіцця актыўна наладжвае супрацоўніцтва з замежнымі калегамі, раней мы заключылі пагадненне аб узаемадзеянні з СЭЗ "Віцебск". Упэўнены, што сумесная работа дасць магчымасць павысіць інвестыцыйную прывабнасць нашых рэгіёнаў, а таксама адкрые новыя магчымасці для ніжагародскіх і беларускіх прадпрымальнікаў, садзейнічаючы міжкраінавай прамкааперацыі", - дадаў намеснік гендырэктара Ніжагародскай карпарацыі Антон Гаранін.
III Міжнародны форум асаблівых эканамічных зон аб'яднаў прадстаўнікоў АЭЗ, СЭЗ, заканадаўчай і выканаўчай улады, а таксама экспертаў. Удзельнікі абмеркавалі перспектывы развіцця асаблівых і свабодных эканамічных зон, маштабаванне лепшых практык кіравання, кластарны падыход і новыя заканадаўчыя ініцыятывы. На пляцоўцы форуму таксама прадстаўлены выставачныя экспазіцыі АЭЗ Расіі, адбыліся панэльныя сесіі, прысвечаныя прававому рэгуляванню, кіраванню, устойліваму развіццю і ролі АЭЗ у фарміраванні прамысловых калідораў.