3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Законапраекты эканамічнага блока трэба рыхтаваць у максімальна кароткія тэрміны з шырокім прыцягненнем зацікаўленых, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка на пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Усе законапраекты эканамічнага блока павінны ствараць неабходныя ўмовы для стварэння зразумелых правіл паводзін удзельнікаў на аснове прынцыпу справядлівасці, зніжэння празмернай зарэгуляванасці, развіцця бізнесу, дэкрыміналізацыі эканамічных рызык. Іх трэба рыхтаваць у максімальна кароткія тэрміны з шырокім прыцягненнем зацікаўленых, каб забяспечыць дасканалую прапрацоўку наступстваў прыняцця прававых актаў", - сказаў Ігар Сергяенка.
Гэта датычыцца законапраектаў аб аўдытарскай дзейнасці, аб рыэлтарскай дзейнасці, якія дапрацоўваюцца да другога чытання, "Аб незалежнай ацэнцы і сертыфікацыі кваліфікацый", які карэкціруецца да першага чытання з улікам пазіцыі дзяржаўных органаў, адзначыў спікер. "Трэба канчаткова вызначыцца па праекце закона аб падатковым кансультаванні, знаходзіць кансэнсус з урадам адносна далейшага лёсу гэтага дакумента", - падкрэсліў ён.
"Нядаўна ў Палату прадстаўнікоў унесены законапраект па пытаннях падаткаабкладання, які датычыцца прадпрымальніцкай дзейнасці. Калі па ім няма прынцыповых заўваг, то праект трэба выносіць на разгляд дэпутацкага корпуса, можа, нават адразу ў двух чытаннях, - дапоўніў Ігар Сергяенка. - Сёння мы заслухаем старшынь камісій аб ходзе падрыхтоўкі законапраектаў, якія знаходзяцца ў Палаце прадстаўнікоў, і перспектывах заканатворчай дзейнасці, каб спланаваць парадак дня маючага адбыцца пасяджэння, якое мы плануем правесці 24 сакавіка".