Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

7 Чэр 2021

Рухавік ММЗ паспяхова прайшоў выпрабаванні на швейцарскай прыбіральнай машыне

Рухавік ММЗ паспяхова прайшоў выпрабаванні на швейцарскай прыбіральнай машыне
Фота ад прэс-службы ММЗ

7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рухавік Мінскага маторнага завода прайшоў выпрабаванні на швейцарскай вакуумнай прыбіральнай машыне ВКМ-2020. Малалітражны чатырохцыліндравы рухавік MMZ-4DTI паспяхова замяніў італьянскі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.

Замена рухавіка ішла пад індывідуальны заказ вытворцы камунальнай тэхнікі з далейшым продажам на рынку Расіі. Работы па пераабсталяванні з сакавіка вялі спецыялісты трох бюро ўпраўлення галоўнага канструктара. "Задача стаяла складаная. Швейцарская вакуумная ўборачная машына працуе толькі на гідраўліцы: гідраўлічны прывод колаў, пад'ём бункера, шчотак, шмат навяснога абсталявання. Тут няма карданных валоў, каробак перадач. Спатрэбілася мноства дапрацовак канструкцыі матора для яго адаптацыі на машыну. Нанова выраблены па асаблівых тэхпараметрах многія дэталі, мадыфікаваны сістэмы ахалоджвання, сілкавання і падключэння, зменена схема размяшчэння электраабсталявання. Электронны блок кіравання машыны састыкавалі з механічнай паліўнай помпай рухавіка. У выніку сумеснага мазгавога штурму знойдзены арыгінальныя рашэнні няпростых задач, якія не падпадаюць пад стандартныя ўраўненні і правілы ў гідраўліцы", - расказалі ў прэс-службе

Усе стэндавыя выпрабаванні матор таксама прайшоў паспяхова. "Рухавік адаптаваны на машыну ідэальна, усе сістэмы функцыянуюць зладжана. Можна лічыць гэта сапраўдным поспехам канструктараў ММЗ, якія паказалі прыклад злучэння выдатнага валодання тэхнічнымі пытаннямі і творчага падыходу. Дасягненне асабліва важкае, паколькі на новы від тэхнікі адаптавалі новы перспектыўны матор. Мінскі маторны фіксуе вялікі попыт на MMZ-4DTI, які праяўляюць да яго вытворцы з розных краін", - падкрэслілі на прадпрыемстве.

Пасля абкаткі на Мінскім маторным заводзе падмятальную машыну адправяць вытворцу.

Мінскі маторны завод - вытворца сучасных дызельных, газадызельных, газапоршневых рухавікоў. Спецыялізуецца на распрацоўцы, праектаванні і вытворчасці сучасных трох-, чатырох-, шасці- і васьміцыліндравых рухавікоў. На заводзе выпускаецца больш за 100 мадыфікацый рухавікоў у дыяпазоне магутнасці ад 7 кВт да 330 кВт, прызначаных для ўстаноўкі на сельскагаспадарчую, дарожна-будаўнічую тэхніку, аўтамабілі і аўтобусы, энергаўстаноўкі, кампрэсары і іншыя агрэгаты. Рухавікі ММЗ пастаўляюцца на канвееры 49 прадпрыемстваў Беларусі, краін СНД і далёкага замежжа, прадукцыя прадаецца ў больш чым 50 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі, Паўночнай і Лацінскай Амерыкі. Пры вытворчасці рухавікоў выкарыстоўваюцца камплектуючыя сусветна вядомых кампаній.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі