31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дыпламатычны персанал нацэлены на максімальна адказную работу, дасягненне рэальных вынікаў для сваёй краіны. Гэта адзначыў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў 31 ліпеня на нарадзе Прэзідэнта Беларусі з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Міністр падкрэсліў, што пастаўленыя перад знешнепалітычным ведамствам задачы зразумелыя. "Тут сабраліся сапраўдныя патрыёты, - адзначыў Максім Рыжанкоў. - Здраднікам не месца ў нашай сістэме".
Кіраўнік ведамства звярнуў увагу, што ўсе даручэнні Прэзідэнта, дадзеныя па выніках нарады ў ліпені 2021 года, выкананы: "Забяспечаны рост знешняга гандлю таварамі і паслугамі, прыцягненне замежных інвестыцый у зададзеных параметрах. Актывізаваны перагаворы па заключэнні пагадненняў аб свабодным гандлі ЕАЭС з трэцімі краінамі. Распрацаваны і зацверджаны комплексныя стратэгіі развіцця і падтрымкі экспарту, усебаковага супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі, дырэктывы аб развіцці двухбаковых адносін з Кітаем да 2025 года".
"Прыняты меры ў адказ да краін і кампаній, якія праводзяць санкцыйную палітыку ў адносінах да нас, меры па зняцці гандлёвых бар'ераў і абмежаванняў, абароне ўнутранага рынку і інтарэсаў суб'ектаў гаспадарання, удасканаленні механізмаў фінансавай і нефінансавай падтрымкі экспарту", - адзначыў кіраўнік МЗС.
Міністр паведаміў, што ў рамках рэалізацыі даручэння па пераарыентацыі экспартных патокаў забяспечаны рост экспарту на альтэрнатыўныя рынкі. "За чатыры гады забяспечаны прырост экспарту тавараў і паслуг да практычна ўстаноўленага Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2025 года - $50 млрд", - сказаў ён.
Кіраўнік МЗС звярнуў увагу, што палепшана структура экспарту: "Доля нафтапрадуктаў і калію ў экспарце зменшана з амаль 20 працэнтаў да 16 працэнтаў пры павелічэнні долі высокатэхналагічнай прадукцыі з 3,5 працэнта да 5,5 працэнта, таварная наменклатура пашырана на 216 новых пазіцый. Экспарт паслуг таксама ўзрос. Нас радуе тое, што камп'ютарныя паслугі вяртаюцца на добрыя пазіцыі ў структуры нашага экспарту. Прыбавілі за кошт экспарту паслуг па гэтым паўгоддзі $600 млн, праўда, пры гэтым па пастаўках тавараў прасяданне. Асноўная прычына - зніжэнне паставак нафтапрадуктаў і прадукцыі машынабудавання. Але калі не лічыць гэтыя катэгорыі, то экспарт па іншых таварах, дзе сапраўды можна прасачыць ролю пасольстваў, вырас амаль на $400 млн, што вельмі блізка да прагнозу на паўгоддзе (3,4 працэнта)".
Максім Рыжанкоў таксама падрабязна закрануў праблемы і сістэмныя задачы, у прыватнасці нарошчванне фізічнай прысутнасці на знешніх рынках. "Прырост экспарту за чатыры гады, што нас не радуе, забяспечаны пераважна за кошт спрыяльнай цэнавай кан'юнктуры. Цэны выраслі на 30 працэнтаў, а вось фізічныя аб'ёмы паставак - усяго на 6,2 працэнта", - заўважыў ён.
"Справа не ў тым, што мы не можам знайсці пакупніка. Дыпламаты максімальна адпрацоўваюць прапановы, што паступаюць, падказваюць галінам, якая прадукцыя запатрабавана. Але мы павінны вырабляць канкурэнтныя па цане тавары, адаптаваныя пад патрэбнасці канкрэтных рынкаў, з высокай дабаўленай вартасцю і інавацыйным складнікам. Канкурыраваць становіцца ўсё складаней", - рэзюмаваў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.