5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Аляксандр Рагожнік, адказваючы на пытанні журналістаў пасля даклада Прэзідэнту, расказаў, якую самую галоўную праблему ўдалося вырашыць Беларусі на расійскім рынку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы ў мінулым годзе вырашылі самую галоўную праблему - доступ нашай прамысловасці да ўсіх рэалізуемых у Расіі праграм. І сёння на расійскім рынку беларускае роўна расійскае. Мы сёння канкурыруем у звычайных эканамічных умовах, і перамагае мацнейшы", - сказаў кіраўнік дыпмісіі.
Характарызуючы ў цэлым гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў 2025 годзе, Аляксандр Рагожнік заявіў, што ўзровень экспарту ў Расію за 11 месяцаў склаў 102,3 працэнта і гэта, на яго думку, "выдатны паказчык". "Ніхто яшчэ ў пачатку-сярэдзіне года не чакаў, што мы зможам вырашыць у значнай ступені той клубок праблем, які ў нас быў, і выйсці фактычна на рэкордны паказчык экспарту не толькі тавараў, але і паслуг", - падкрэсліў ён.
Хоць і не ўдалося выйсці на зададзеныя паказчыкі ў памеры 105 працэнтаў, і наконт гэтага прагучала крытыка ад кіраўніка дзяржавы, у прыватнасці ў бок машынабудаўнічага комплексу, які спрацаваў крыху горш, чым у папярэднія перыяды. "Але калі ў цэлым ацэньваць вынікі за апошнія 4 гады, то прырост і па гэтым напрамку, безумоўна, прысутнічае. Нягледзячы на ахаладжэнне расійскай эканомікі, мы не дапусцілі сур'ёзнага спаду ў сваіх экспартных пастаўках. Робячы акцэнт на супрацоўніцтве з рэгіёнамі, усё ж такі захавалі такі фундамент у рабоце і ў гэтай галіне", - сказаў пасол.
Паводле даных за студзень - лістапад 2025 года, тавараабарот Беларусі і Расіі склаў $49,2 млрд, павялічыўшыся на 3,6 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам 2024-га. Пры гэтым беларускі экспарт практычна дасягнуў $25 млрд (102,3 працэнта). Яго аснову склалі сыры і тварог, сметанковае масла, легкавыя і грузавыя аўтамабілі, нафтапрадукты, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў. Ёсць падставы меркаваць, што па выніках 2025 года двухбаковы тавараабарот перасягне планку $50 млрд.