25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стварэнне сумесных прадпрыемстваў Беларусі і Кубы з'яўляецца адным з лепшых рашэнняў для таго, каб процістаяць санкцыям. Такое меркаванне выказаў журналістам Прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канель Бермудэс 25 чэрвеня па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сустрэчу з беларускім лідарам ён назваў "выдатнай" і падкрэсліў, што такім чынам краіны адкрываюць новую вяху ў двухбаковых адносінах, якія развіваюцца дынамічна, у тым ліку дзякуючы намаганням урадаў Беларусі і Кубы. "Гэтыя адносіны заснаваны на традыцыйных сувязях дружбы і павагі паміж народамі дзвюх краін. Цяперашні візіт - сведчанне таго", - адзначыў Мігель Дыяс-Канель Бермудэс.
Паводле яго слоў, у час перагавораў быў разгледжаны шырокі спектр пытанняў двухбаковага парадку дня з акцэнтам на асобныя аспекты, якія патрабуюць прыняцця рашэнняў. "Мы абмяняліся бачаннем па вельмі складанай міжнароднай абстаноўцы і аб спосабах нарошчвання нашага супрацоўніцтва па многіх сферах", - сказаў ён. Размова ішла, у прыватнасці, аб такіх сферах, як прамысловасць, сельская гаспадарка, харчовая бяспека, біятэхналогіі, фармацэўтыка, турызм, будаўніцтва, спорт, адукацыя.
"Мы ўдзялілі асаблівую ўвагу ацэнцы ініцыятыў, што садзейнічаюць нарошчванню гандлёва-эканамічных адносін паміж краінамі, - сказаў Прэзідэнт Кубы. - Гэта дасць магчымасць унесці ўклад у больш эфектыўнае сумеснае процідзеянне несправядлівым і незаконным санкцыям, навязаным нашым краінам. Я лічу, што адно з рашэнняў, агучаных Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, - аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў - гэта адно з лепшых рашэнняў для таго, каб процістаяць санкцыям, з дапамогай якіх нас хочуць паставіць на калені. Але мы гэтага не дапусцім".
Мігель Дыяс-Канель Бермудэс падзякаваў Беларусі за аказанне гуманітарнай дапамогі Кубе для пераадолення наступстваў стыхійных бедстваў і за традыцыйную падтрымку Кубы на розных міжнародных пляцоўках у частцы асуджэння эканамічнай, гандлёвай, фінансавай блакады. Ён таксама пацвердзіў зацікаўленасць яго краіны ў большым узаемадзеянні з Еўразійскім эканамічным саюзам.