27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Губернатар Калужскай вобласці Уладзіслаў Шапша па выніках сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы расказаў журналістам аб перспектыўных напрамках супрацоўніцтва расійскага рэгіёна з Беларуссю, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзіслаў Шапша звярнуў увагу, што паміж Мінскім аўтамабільным заводам і калужскім прадпрыемствам "Меркатар" склалася паспяховае супрацоўніцтва ў сферы вытворчасці тэхнікі для камунальнай гаспадаркі. "Калі раней у Расію прывозілі платформы, на базе якіх рабілі машыны, то цяпер мы прывозім у Беларусь абсталяванне, і на базе МАЗа робяцца машыны, якія наводзяць парадак на нашых вуліцах", - падкрэсліў ён.
Размова на сустрэчы таксама ішла аб развіцці сельскай гаспадаркі. У прыватнасці, абмяркоўвалася будаўніцтва перспектыўнай фермы, якая будзе поўнасцю абсталявана беларускім бокам. "Ферма даволі вялікая - каля 1,5 тыс. галоў. І мы разлічваем, што яна будзе візітнай карткай Беларусі ў Расійскай Федэрацыі. А для Калужскай вобласці гэта стане значным укладам у развіццё сельскай гаспадаркі", - лічыць Уладзіслаў Шапша.
Яшчэ адным напрамкам супрацоўніцтва можа стаць навука і тэхналогіі. "У Обнінску "Расатам" будуе буйнейшы ў Еўропе і першы ў краіне завод па вытворчасці радыефармпрэпаратаў. Гэтыя тэхналогіі даюць магчымасць дыягнаставаць і лячыць многія захворванні, не толькі анкалагічныя. Гэта значны прарыў у навуцы, медыцыне і ў нашым, я ўпэўнены, супрацоўніцтве", - заявіў губернатар Калужскай вобласці.
Акрамя таго, у расійскім рэгіёне ствараецца цэнтр сусветнага ўзроўню па падрыхтоўцы спецыялістаў у ядзернай энергетыцы. Цэнтр ставіць перад сабой амбіцыйныя задачы: рыхтаваць 20% спецыялістаў гэтага напрамку ад агульнасусветнай колькасці. "Мы да гэтага паслядоўна ідзём і гатовы вучыць у тым ліку юнакоў і дзяўчат, якія будуць на тэрыторыі Беларусі будаваць і абслугоўваць ядзерныя энергаблокі, працаваць на іх", - запэўніў Уладзіслаў Шапша.

Губернатар адзначыў, што Калужская вобласць паспяхова супрацоўнічае з беларускімі спецыялістамі ў сферы будаўніцтва.
Асобна Уладзіслаў Шапша спыніўся на пытаннях перапрацоўкі драўніны, дзе Калужская вобласць таксама можа аб'яднаць намаганні з Беларуссю: "Калужская вобласць напалову пакрыта лясамі. Таму мы выкарыстоўваем свой патэнцыял, патэнцыял суседніх рэгіёнаў і гатовы выкарыстоўваць магчымасці Беларусі як нашага галоўнага стратэгічнага партнёра".
Ён таксама звярнуў увагу, што ў Калужскай вобласці знаходзіцца мультымадальны чыгуначны тэрмінал для дастаўкі грузаў. Некалькі гадоў таму размова ішла аб тым, што яго гатовы прадаставіць Беларусі для дастаўкі грузаў у парты Кітая. Уладзіслаў Шапша падкрэсліў, што цяпер вядзецца работа над тым, каб павялічыць магутнасці гэтага "сухога порта" ў чатыры разы.
"Магчымасці, якія тут ствараюцца, мы прапануем кампаніям з розных краін, перш за ўсё дружалюбных, у тым ліку Беларусі, для размяшчэння сваіх вытворчасцей. Каб гэта была не толькі перавалачная база для тавараў, але і каб там можна было ствараць прадукт і дастаўляць яго да канчатковага спажыўца. Гэта работа вядзецца і будзе прадоўжана", - рэзюмаваў губернатар Калужскай вобласці.