10 лютага, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. ААТ "Прамагралізінг" паставіць камбайны на агульную суму 66,7 млн расійскіх рублёў аграрыям Разанскай і Іванаўскай абласцей, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускай кампаніі.
У прыватнасці, у г.Разань (Расія) на ўмовах міжнароднага лізінгу будуць пастаўлены 15 збожжаўборачных камбайнаў вытворчасці ВА "Гомсельмаш". Агульная сума гэтага дагавора лізінгу складае 60,2 млн расійскіх рублёў. У г.Іванава (Расія) паступяць збожжаўборачныя камбайны, вырабленыя ВА "Гомсельмаш", на суму 6,5 млн расійскіх рублёў. Беларускую тэхніку аграрыі Разанскай і Іванаўскай абласцей будуць выкарыстоўваць пры правядзенні ўборачных кампаній.
Абодва дагаворы заключаны ў рамках праграмы пастаўкі тэхнікі на ўмовах міжнароднага лізінгу, якая рэалізуецца з 2 працэнтным сярэднегадавым падаражэннем і 7-гадавым тэрмінам лізінгу. Так, у 2013 годзе па гэтай праграме на рынак Расіі пастаўлена 67 адзінак тэхнікі вытворчасці ААТ "Гомсельмаш", ААТ "Лідаграпраммаш", ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Лідсельмаш" на агульную суму 341,2 млн расійскіх рублёў.
ААТ "Прамагралізінг" працуе з 2001 года. Урадам Беларусі ў 2009 годзе кампаніі прадастаўлены паўнамоцтвы па стварэнні і функцыянаванні механізма міжнароднага лізінгу і прасоўванні беларускай прадукцыі на знешні рынак. З 2010 года яна пачала пастаўкі тэхнікі беларускіх вытворцаў па дагаворах міжнароднага лізінгу ў краіны СНД, ЕС і Афрыкі.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|