22 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікоў 16 краін аб'яднаў ХХ Гомельскі эканамічны форум - усяго больш за 1 тыс. удзельнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На працягу двух дзён удзельнікі форуму знаёмяцца з эканамічным патэнцыялам рэгіёна. У першы дзень работы, 21 мая, прадстаўнікі ўлады, дзелавых і бізнес-колаў абмеркавалі актуальныя пытанні на стратэгічных сесіях: аграпрамысловы комплекс, навука і тэхналогіі, сфера штучнага інтэлекту, турызм, жаночае прадпрымальніцтва.
Другі дзень стартаваў з сустрэчы старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко з кіраўнікамі дыпламатычных місій замежных дзяржаў, кіраўнікамі дэлегацый рэгіёнаў-партнёраў. Ён звярнуў увагу, што за 20 гадоў форум прайшоў шлях ад рэгіянальнай дзелавой пляцоўкі да аўтарытэтнай міжнароднай платформы, дзе нараджаюцца ідэі, прымаюцца стратэгічныя рашэнні, умацоўваюцца партнёрства і чалавечыя сувязі.
Іван Крупко падкрэсліў, што з расійскімі партнёрамі ў Беларусі створана трывалая Саюзная дзяржава. "Для Гомельскай вобласці супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі - асаблівы напрамак. Нас аб'ядноўваюць агульная гісторыя, духоўная блізкасць, трывалыя эканамічныя сувязі і пастаянны чалавечы кантакт", - сказаў ён.
Паводле слоў кіраўніка вобласці, змястоўна развіваецца ўзаемадзеянне з Бранскай вобласцю. "За кожным сумесным праектам мы бачым практычны вынік: работа прадпрыемства "Брансксельмаш", кааперацыя ў машынабудаванні, будаўніцтва жылля, сумесныя гуманітарныя ініцыятывы", - пералічыў Іван Крупко.
Паслядоўна ўмацоўваюцца сувязі з Курскай вобласцю, дзе прадпрыемствы Гомельшчыны ўдзельнічаюць у будаўніцтве жылля і інфраструктуры. Новы імпульс атрымалі адносіны з Ніжагародскай вобласцю: ад міжрэгіянальных пагадненняў да супрацоўніцтва ў спорце, прамысловасці і гуманітарнай сферы. Развіваецца ўзаемадзеянне са Смаленскай, Арлоўскай, Белгародскай, Чэлябінскай абласцямі, Рэспублікай Башкортастан, Прыморскім краем і іншымі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Прычым гэта ўжо не асобныя кантакты, а паўнацэнная кааперацыя прадпрыемстваў, свабодных эканамічных зон, устаноў культуры, адукацыі і маладзёжных арганізацый", - адзначыў старшыня аблвыканкама.






"Асаблівае значэнне надаём супрацоўніцтву з Рэспублікай Саха (Якуція). Падрыхтоўка да адкрыцця помніка Герою Савецкага Саюза Фёдару Папову на лоеўскай зямлі як сімвал агульнай гістарычнай памяці, павагі да подзвігу пакалення пераможцаў і духоўнага адзінства нашых народаў", - дадаў ён.
Узорам узаемнага даверу і эфектыўнага ўзаемадзеяння Іван Крупко назваў адносіны Беларусі і Кітая. "Важна, што гэтыя адносіны актыўна развіваюцца і на рэгіянальным узроўні. Дэлегацыі Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна сталі пастаяннымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў у Гомельскай вобласці, умацоўваюцца дзелавыя і гуманітарныя кантакты, рыхтуюцца новыя пагадненні паміж рэгіёнамі", - адзначыў ён.
Іван Крупко ўказаў і на тое, што шчырыя, адкрытыя, братэрскія адносіны дэманструюць Беларусь і Узбекістан. "Актыўнае ўзаемадзеянне Гомельскай вобласці з Ферганскай, Наваійскай, Ташкенцкай абласцямі пацвярджае гэта на практыцы. За кароткі час нам удалося выйсці на сур'ёзныя сумесныя праекты ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, інвестыцыйнай сферы і гуманітарным супрацоўніцтве", - удакладніў старшыня аблвыканкама.
Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва адыгрывае сёння найважнейшую ролю і ў адносінах з Казахстанам, дадаў кіраўнік рэгіёна. Трывалыя адносіны, заснаваныя на ўзаемнай павазе і даверы, звязваюць паўднёва-ўсходні рэгіён Беларусі з Азербайджанам. Змястоўна і дынамічна развіваецца супрацоўніцтва з Таджыкістанам.
За гады правядзення Гомельскі эканамічны форум стаў прызнанай і аўтарытэтнай пляцоўкай для абмеркавання актуальных пытанняў міжнароднага гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага ўзаемадзеяння, устанаўлення надзейных доўгатэрміновых міжрэгіянальных і кааперацыйных сувязей.