30 ліпеня, Орша /Кар. БЕЛТА/. Сёння на станцыі Орша-Усходняя прайшла ўрачыстая цырымонія адпраўкі першага скразнога грузавога поезда "Славянскі караван", які праедзе па машруце Беларусь - Расія - Казахстан - Узбекістан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ёсць вагоны з прадукцыяй дрэваапрацоўкі, харчовым грузам, напрыклад цукар, бульбяны крухмал, а таксама камбікормам. Такі састаў будзе курсіраваць на пачатковым этапе двойчы ў месяц. Для кансалідацыі вагонаў выбрана станцыя Орша-Усходняя, бо сюды прыходзяць грузы з усіх рэгіёнаў Беларусі.
У далейшым плануецца пашырыць наменклатуру грузаў і ўключыць у састаў вагоны з кантэйнерамі, якія былі дастаўлены аўтатранспартам, што дасць магчымасць выкарыстаць усе перавагі мультымадальнай перавозкі. "Грузы ўжо праходзілі па маршруце Беларусь - Узбекістан. Але мы з узбекскімі калегамі прадумалі зусім іншы, больш якасны сэрвіс. Састаў без расфарміравання і дадатковых прыпынкаў праедзе па тэрыторыі Расіі, Казахстана і прыбудзе ва Узбекістан. Гэта дасць магчымасць скараціць тэрмін дастаўкі амаль у два разы, а таксама надзейна захаваць груз. Гэты састаў будзе ісці як па раскладзе пасажырскага поезда, інакш кажучы, мы будзем ведаць, калі ён адпраўляецца і калі прыбудзе ў канечную кропку. У састаў поезда могуць быць уключаны адзіночныя кантэйнеры - на 20 тон. Невялікія прадпрыемствы Беларусі змогуць не збіраць груз на цэлы вагон умяшчальнасцю 60 тон, а адпраўляць невялікімі партыямі. Плюс у нас ёсць такая паслуга, як зборны кантэйнер для грузаў ад некалькіх адпраўшчыкаў", - растлумачыў журналістам начальнік БЧ Валерый Вярэніч.
Ужо сфарміраваны другі састаў такога поезда.






Праект "Славянскі караван" рэалізуецца ў развіццё прынятых на высокім узроўні рашэнняў па нарошчванні паставак запатрабаванай на ўзбекскім рынку беларускай прадукцыі машынабудавання, дрэваапрацоўкі, сельскай гаспадаркі.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік падкрэсліў, што гэта праект з двухбаковай выгадай. "У пастаўках нашых і ўзбекскіх тавараў вялікае значэнне маюць кошт і тэрміны дастаўкі грузаў. На прыкладзе гэтага саставу магу адзначыць, што дастаўка 20-тоннага кантэйнера каштуе як мінімум у паўтара раза танней, чым аўтамабільным транспартам. Калі раней пастаўка асобнага вагона магла займаць да двух месяцаў, то гэты састаў прыбудзе ва Узбекістан на працягу 5-7 сутак. Размова ідзе не толькі аб пастаўцы нашых грузаў, якраз такі ж састаў будзе адпраўляцца з таварамі з Узбекістана. Гэта пачынаючы з тавараў лёгкай прамысловасці і заканчваючы харчовымі, у тым ліку фруктамі, якія не растуць у Беларусі. У гэтага супрацоўніцтва двухбаковы інтарэс. Удвайне прыемна, што такім лагістычным хабам стала Віцебская вобласць", - адзначыў ён.
Аляксандр Рагожнік дадаў, што ў сярэдзіне жніўня наведае Узбекістан, дзе плануецца падпісанне дарожнай карты супрацоўніцтва з кіраўніцтвам Андыжанскай вобласці.