8 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
"Прапануецца зрабіць патрабаванне да наяўнасці пячаці юрыдычнай асобы добраахвотным. Гэты крок адпавядае агульнасусветным тэндэнцыям. Расія, Украіна, Літва такі крок зрабілі. Гэтага рашэння чакаюць удзельнікі знешнегандлёвых здзелак", - сказаў Уладзімір Зіноўскі.
Таксама прадугледжваецца мінімізаваць умяшанне асобных дзяржаўных органаў у дзейнасць суб'ектаў гаспадарання, адначасова павысіўшы адказнасць бізнесу перад грамадствам. У прыватнасці, праект дэкрэта прадугледжвае зацвярджэнне кіраўніком дзяржавы адзіных тэхнічных патрабаванняў пажарнай і санітарна-эпідэміялагічнай бяспекі, патрабаванняў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і ветэрынарыі. "Гэтыя патрабаванні максімальна сістэматызаваны і скарочаны. Напрыклад, з дзеючых сёння 586 пунктаў правіл пажарнай бяспекі захавана толькі 58. Вялікі пласт санітарных патрабаванняў да бізнесу - больш як 1,1 тыс. пунктаў - скарочаны і выкладзены ў дэкрэце ў 81 пункце, - удакладніў міністр. - У той жа час адзначанае паслабленне не распаўсюджваецца на асабліва небяспечныя сферы дзейнасці і аб'екты".
Устанаўліваецца таксама паведамляльны парадак ажыццяўлення відаў дзейнасці, пералік якіх замацоўваецца ў праекце дэкрэта. "У гэты пералік уключаны бытавыя, турыстычныя, сацыяльныя паслугі, дзейнасць у сферы гандлю і грамадскага харчавання і некаторыя іншыя віды бізнесу, у якіх сканцэнтравана каля 95 працэнтаў мікра- і малых прадпрыемстваў", - звярнуў увагу кіраўнік ведамства. Для занятку гэтымі відамі дзейнасці будзе дастаткова падаць паведамленне ў выканкам праз службу "адно акно" асабіста або дыстанцыйна праз Адзіны партал электронных паслуг, і суб'ект гаспадарання будзе мець права весці свой бізнес ужо на наступны дзень. "Такім чынам спыняецца ўсялякая бюракратычная валакіта, у выніку якой сёння зацягваецца пачатак работы. Напрыклад, пры адкрыцці аб'ектаў бытавых паслуг або грамадскага харчавання толькі рэгістрацыя ў рэестры займае восем рабочых дзён, а з улікам неабходнасці атрымання розных узгадненняў і дазволаў пачатак работы адцягваецца як мінімум на паўгода. Падаючы паведамленне, суб'ект гаспадарання аўтаматычна бярэ на сябе адказнасць за адпаведнасць сваёй дзейнасці заканадаўству", - растлумачыў Уладзімір Зіноўскі.
Праектам дэкрэта прадугледжана адмова ад шэрага складаных і залішніх працэдур. Напрыклад, прапануецца адмовіцца ад узгаднення выканкамамі рэжыму работы гандлёвых аб'ектаў і аб'ектаў грамадскага харчавання ў дзённы час, замяніць неабходнасць атрымання дазволу ад выканкама пры капітальным рамонце і мадэрнізацыі аб'ектаў на інфармаванне органаў буднагляду.
Міжведамаснай камісіі па вызваленні ад адміністрацыйных спагнанняў і выплаты пеняў будзе дэлегавана права прыняцця рашэнняў аб вызваленні ад канфіскацый, а таксама адтэрміноўкі выплаты падатковых плацяжоў.
Адначасова са спрашчэннем вышэйназваных правіл уводзіцца адміністрацыйная адказнасць кіраўніка арганізацыі за невыкананне пісьмовых патрабаванняў дзяржаўных органаў па ўказе нумар 510 "Аб кантрольнай і нагляднай дзейнасці", якое прывяло да прычынення ўрону дзяржаве або грамадскім інтарэсам. "Прадугледжана адказнасць да 100 базавых велічынь, калі парушэнне не з'яўляецца крымінальным злачынствам", - удакладніў Уладзімір Зіноўскі.
У цэлым міністр адзначыў, што падрыхтаваны пакет дакументаў па стымуляванні дзелавой ініцыятывы стаў вынікам самага цеснага ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнага кіравання з бізнес-супольнасцю і грамадзянамі.