3 кастрычніка, Салігорскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе адказных за аграрны сектар замацавацца на ўзроўні ўраджаю збожжавых бягучага года. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у ходзе рабочай паездкі ў Салігорскі раён Мінскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хоць надвор'е ў гэтым годзе спрыяла высокаму ўраджаю, але зададзена пэўная планка. "Добрае было надвор'е. У час наліву зерня хапала вільгаці. Таму атрымалі цяжкі колас. Гэта не значыць, што заўтра будзе так. Але гэта планка. Вось вы дасягнулі гэтага ўзроўню - ніжэй нельга. Трэба на гэтым узроўні замацавацца. Хаця б пару гадоў. Нельга ніжэй апускацца", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца Мінскай вобласці, якую наведваў Прэзідэнт, ён даручыў літаральна ў лічбавы фармат перавесці адпаведныя заданні на ўзровень кіраўніцтва раёнаў.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў далажыў, што ўборку кукурузы на сілас плануецца завяршыць да 20-х чысел кастрычніка, на зерне - да 7 лістапада.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз выказаўся і наконт сяўбы азімых. Ён адзначыў, што не даводзіць нейкія строгія даты. Але, маючы вопыт у аграрнай сферы, разумее, калі і што аптымальна зрабіць, каб ураджай будучага года быў не горшы за сёлетні. "Мужыкі, вы рабіце, калі хочаце. Я вам даты не назначаў. Я адчуваю, калі трэба пасеяць. Вось да першага пасеялі - расліны сілу возьмуць, як у вёсцы кажуць. Яны сілу набяруць, перазімуюць. А калі мы пасеем пазней, ну будзе парастак - не больш", - сказаў кіраўнік дзяржавы.