Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

7 Чэр 2021

Новыя ўмовы для інвестараў і стартапаў. Як зменіцца работа індустрыяльнага парка "Вялікі камень"

Новыя ўмовы для інвестараў і стартапаў. Як зменіцца работа індустрыяльнага парка
Фота з архiва

7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку сёння прадставілі праект указа, накіраванага на паляпшэнне інвестыцыйнага клімату ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень". Як расказаў журналістам кіраўнік адміністрацыі парка Аляксандр Ярашэнка, Прэзідэнт адобрыў прапанаваныя змяненні, чакаецца, што ўказ будзе падпісаны ў бліжэйшы час, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У ліку ключавых змяненняў - спрашчэнне адміністрацыйных працэдур, наданне большай самастойнасці органам кіравання парка, пашырэнне яго відаў дзейнасці, падтрымка стартапаў, прэферэнцыйныя ўмовы для "якарных" інвестараў. "Яны накіраваны на спрашчэнне, дэбюракратызацыю вядзення бізнесу, прыцягненне інвестараў у праект "Вялікі камень", - адзначыў Аляксандр Ярашэнка.

Пашырэнне паўнамоцтваў адміністрацыі парка

Адміністрацыі "Вялікага каменя" ў першую чаргу будуць перададзены дадатковыя паўнамоцтвы мясцовых органаў улады. Амаль 60 новых адміністрацыйных працэдур будзе курыраваць цэнтр комплекснага абслугоўвання парка, які працуе па прынцыпе "адна станцыя". У сукупнасці ў нас будзе амаль 90 працэдур адміністрацыйна-дазвольнага характару. Гэта 45 працэнтаў тых працэдур, якія неабходны для ажыццяўлення бізнесу ў любой кропцы Беларусі", - звярнуў увагу кіраўнік адміністрацыі "Вялікага каменя".

Пашыраецца і склад суб'ектаў, якія абслугоўваюцца ў "адной станцыі". Скарыстацца яе паслугамі змогуць не толькі рэзідэнты, але і ўсе кампаніі, што працуюць у парку, а таксама фізасобы, якія жывуць або працуюць у парку.

Пашырэнне напрамкаў дзейнасці

У праекце новага ўказа прапануецца пашырыць асноўныя напрамкі дзейнасці парка "Вялікі камень", каб павялічыць кола інвестараў, якія прыцягваюцца. У ліку новых напрамкаў - вытворчасць медыцынскай прадукцыі, медыцынскае абслугоўванне, лабараторная дыягностыка, біяфармацэўтыка. Рэзідэнтам парка ўжо запланаваны праект па стварэнні цэнтра традыцыйнай кітайскай медыцыны. Таксама перспектыўным новым напрамкам Аляксандр Ярашэнка лічыць прымяненне тэхналогій 5G. "У нас быў ужо такі пілотны праект. З прыняццем новага ўказа з'явіцца прававая база для ўкаранення 5G , штучнага інтэлекту", - растлумачыў ён.

Падтрымка інавацыйнай дзейнасці

У канцы 2020 года ў "Вялікім камені" адкрыўся цэнтр трансфармацыі навукова-тэхнічных дасягненняў. Гэта сумесны беларуска-кітайскі праект. На працягу першых двух гадоў розныя стартапы змогуць карыстацца ўсімі асноўнымі льготамі рэзідэнтаў парка, пры гэтым самі яны не будуць з'яўляцца рэзідэнтамі "Вялікага каменя".

"На конкурснай аснове, адабраўшы адпаведны праект, мы праз 6 месяцаў пасля праходжання інкубавання будзем глядзець на прамежкавыя вынікі. Калі яны станоўчыя, то мы гэтаму праекту даём вырасці з ідэі ў камерцыйны праект і магчымасць стаць рэзідэнтам парка", - расказаў Аляксандр Ярашэнка.

Ён адзначыў, што сфера інавацый - вельмі рызыкоўная. Калі стартапам не аказваецца падтрымка, то, як правіла, выжывае толькі адзін з дзесяці праектаў. Калі ж дзяржава і інвестары дапамагаюць маладым кампаніям, то ўзровень выжывальнасці дасягае 70-80 працэнтаў.

Прэферэнцыйныя ўмовы для "якарных" інвестараў

Дадатковыя льготы змогуць атрымаць праекты з інвестыцыямі не менш як $50 млн. Сярод іх - ільготныя цэны на зямельныя ўчасткі, спрашчэнні ў сферы мытнага адміністравання і іншыя.

У "Вялікім камені" ўпэўнены, што прыцягненне буйных інвестараў дасць магчымасць пашырыць кластарны прынцып дзейнасці. У далейшым па асобных рашэннях урада прэферэнцыямі змогуць скарыстацца і прадпрыемствы па-за паркам, але толькі тыя, якія ўдзельнічаюць у капітале і вытворчым працэсе рэзідэнтаў.

Акрамя гэтага, для стымулявання стварэння субпаркаў, перш за ўсё, буйных кітайскіх рэгіёнаў, у прыватнасці, правінцый Сычуань, Шэньсі, Цяньцзінь, згодна з новым указам кампаніі-стваральнікі субпаркаў змогуць атрымаць статус рэзідэнта.

Калі чакаецца ўкараненне новаўвядзенняў

Па выніках заслуханых сёння дакладаў кіраўнік дзяржавы ў цэлым адобрыў ключавыя навацыі праекта ўказа аб рабоце парка "Вялікі камень". Паводле слоў Аляксандра Ярашэнкі, прыняцце ўказа чакаецца ў бліжэйшы час. Ён растлумачыў, што работа над дакументам вялася доўгі час, улічваліся многія фактары, у тым ліку сучасныя ўмовы вядзення бізнесу, сітуацыя ў эканоміцы ў цэлым. Многія прапановы паступалі ад саміх рэзідэнтаў, з улікам іх вопыту работы ў парку. Падрыхтоўка прапаноў вялася таксама ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам камерцыі Кітая. "Жыццё само патрабуе такіх новаўвядзенняў, таму што нельга стаяць на месцы нават у заканадаўчым плане", - адзначыў кіраўнік адміністрацыі парка.

"Галоўнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы пры разглядзе гэтага праекта - які эфект, якія вынікі (перш за ўсё, эканамічныя, фінансавыя) можа атрымаць праект "Вялікі камень" ад прыняцця новай заканадаўчай базы, - адзначыў кіраўнік адміністрацыі парка. - Сваёй мэтай мы ставім дасягнуць сур'ёзных эканамічных вынікаў. Не ў пагоні за колькасцю рэзідэнтаў або за другараднымі паказчыкамі. Галоўнае - каб гэты праект працаваў на эканоміку Беларусі і ва ўзаемадзеянні з ёй".

На яго думку, тыя вынікі, якія дэманструе парк "Вялікі камень" цяпер, пацвярджаюць эфектыўнасць яго работы. "Я хачу не без гонару сказаць, што ў парку сярод працуючых - больш за 80 працэнтаў беларусаў і ў іх дастойная, высокая заработная плата - прыкладна Br2,7 тыс.", - прывёў прыклад Аляксандр Ярашэнка.

Паводле яго даных, на 1 рубель падатковых ільгот, прадастаўленых рэзідэнтам парка, Беларусь атрымлівае амаль 10 дадатковых рублёў у эканоміку краіны. Калі гаварыць пра інвестыцыі, то суадносіны 1 і 60, інфраструктурныя ўкладанні - 1 і 9. "Гэта значыць, эфект даволі добры, станоўчы, сур'ёзны. Галоўнае цяпер - маштабаваць і развіць гэтыя паказчыкі, гэты поспех", - падкрэсліў кіраўнік адміністрацыі парка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі