18 верасня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Амаль 500 прадстаўнікоў з розных краін сталі ўдзельнікамі XIX Гомельскага эканамічнага форуму, які праходзіць у горадзе над Сожам 18-19 верасня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Вітаючы ўдзельнікаў (а гэта прадстаўнікі 16 дэлегацый) на пленарным пасяджэнні, старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко назваў форум маштабнай пляцоўкай для дыялогу, супрацоўніцтва і пошуку новых магчымасцей.
"Больш за 20 гадоў таму ў Гомелі было прынята прагрэсіўнае рашэнне правесці прэзентацыю інавацыйных і інвестыцыйных прапаноў з асабістым удзелам патэнцыяльных інвестараў. Сёння мы з упэўненасцю можам гаварыць, што Гомельскі эканамічны форум мае статус галоўнай дзелавой падзеі вобласці. Факты сведчаць самі за сябе. За гады правядзення форуму на яго пляцоўцы падпісана 117 дакументаў на суму больш як $2,7 млрд. Дзякуючы гэтым пагадненням створана звыш 3 тыс. рабочых месцаў. Прычым, гэта вельмі важна, не толькі ў буйных гарадах, такіх як Гомель, Жлобін, Мазыр, Рэчыца або Светлагорск, але і ў аддаленых ад цэнтра Лельчыцкім, Жыткавіцкім раёнах, а таксама ў пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС", - агучыў вынікі маштабнай эканамічнай падзеі старшыня аблвыканкама.
Як прыклады ён назваў сучасны лячэбна-дыягнастычны цэнтр у Гомелі, новыя вытворчыя аб'екты і гандлёвую інфраструктуру ў розных раёнах вобласці. "Усё гэта прамы доказ таго, што форум працуе на карысць людзей", - заявіў Іван Крупко.
Паводле яго слоў, удзел дэлегацый многіх краін у форуме - знак даверу і цікавасці да паўднёва-ўсходняга рэгіёна. "Мы адкрыты для ўсіх, хто хоча працаваць сумленна, стваральна, з перспектывай", - зрабіў акцэнт кіраўнік вобласці.
Старшыня аблвыканкама ўдакладніў: увазе ўдзельнікаў у інвестыцыйным каталогу гэтага года - каля 70 інвестыцыйных прапаноў, 95 аб'ектаў нерухомай маёмасці і больш за 110 зямельных участкаў.
"Гомельшчына - рэгіён з багатым прыродным і чалавечым патэнцыялам, з моцнай прамысловасцю і развітым аграрным сектарам. Але галоўнае наша багацце - людзі, якія ўмеюць працаваць і дасягаць выніку. Упэўнены, што цяперашні форум стане яшчэ адной яркай старонкай у летапісе нашага супрацоўніцтва. Няхай ён падорыць усім нам новыя праекты, новыя ідэі і новыя гарызонты для сумеснага руху наперад", - сказаў на заканчэнне Іван Крупко.
У праграме форуму - пленарнае пасяджэнне, прэзентацыя эканамічнага і інвестыцыйнага патэнцыялу Гомельскай вобласці, выстаўка "Прамысловасць. Навука. Тэхналогіі", стратэгічныя сесіі, двухбаковыя перагаворы ў фармаце В2В, наведванне дэлегацыямі прадпрыемстваў і аб'ектаў рэгіёна.
За гады правядзення Гомельскі эканамічны форум стаў прызнанай і аўтарытэтнай пляцоўкай для абмеркавання актуальных пытанняў міжнароднага гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага ўзаемадзеяння, устанаўлення надзейных доўгатэрміновых міжрэгіянальных і кааперацыйных сувязей.