Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

20 Jun 2018

Нацбанк з 27 чэрвеня зніжае стаўку рэфінансавання да 10 працэнтаў гадавых

20 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З 27 чэрвеня стаўка рэфінансавання зніжаецца з 10,5 працэнта да 10 працэнтаў гадавых, стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці - з 11,75 працэнта да 11,5 працэнта гадавых, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.

Адпаведнае рашэнне было прынята 20 чэрвеня праўленнем Нацыянальнага банка на штоквартальным пасяджэнні па грашова-крэдытнай палітыцы. "Гадавая інфляцыя запавольваецца. Прагноз развіцця сітуацыі ў эканоміцы, у знешнім гандлі, на валютным і дэпазітным рынках паказвае, што фарміруемыя грашова-крэдытныя ўмовы забяспечаць знаходжанне інфляцыі ў рамках мэтавых параметраў", - падкрэслілі ў Нацбанку.

У маі 2018 года прырост спажывецкіх цэн у гадавым выражэнні склаў 4,4 працэнта пры 5 працэнтах у красавіку 2018 года. Гадавая базавая інфляцыя запаволілася да 2,9 працэнта (3,1 працэнта ў красавіку), у тым ліку ў выніку ўмацавання беларускага рубля адносна карзіны замежных валют.

У другой палавіне года чакаецца некаторы рост інфляцыі з улікам больш слабага дэзынфляцыйнага ўплыву ўнутранай эканомікі, а таксама магчымага павелічэння рэгулюемых цэн. Фарміраванне курса беларускага рубля паблізу раўнаважнага ўзроўню не будзе аказваць націску на цэны. Манетарныя ўмовы захаваюцца блізкімі да нейтральных і прадоўжаць забяспечваць дасягненне мэты па цэнавай стабільнасці. Чакаецца, што па выніках года інфляцыя будзе каля 5,5 працэнта.

Уздзеянне ўнутранага попыту на дынаміку цэн у сярэднетэрміновай перспектыве ацэньваецца як умеранае. Стрымліванню інфляцыі ў сярэднетэрміновай перспектыве будзе садзейнічаць паступовае зніжэнне інфляцыйных чаканняў, якое адбываецца пад уплывам бягучай умеранай дынамікі спажывецкіх цэн і арыентацыі грашова-крэдытнай палітыкі на падтрыманне цэнавай стабільнасці.

З боку грашовага прапанавання праінфляцыйныя рызыкі ацэньваюцца на нізкім узроўні. Пасля чаканага паскарэння ў пачатку года прырост сярэдняй шырокай грашовай масы паступова вяртаецца ў мэтавы дыяпазон 9-12 працэнтаў, у маі 2018 года гэты паказчык склаў 12,3 працэнта ў гадавым выражэнні. Нацыянальны банк прадоўжыць фарміраваць умовы, якія падтрымаюць узросшую гатоўнасць насельніцтва захоўваць зберажэнні ў беларускіх рублях, што таксама будзе садзейнічаць замацаванню інфляцыі на мэтавым узроўні.

Наступнае штоквартальнае пасяджэнне праўлення Нацыянальнага банка па грашова-крэдытнай палітыцы плануецца 19 верасня.

Як паведамлялася, стаўка рэфінансавання ў Беларусі папярэдні раз зніжалася 14 лютага 2018 года да 10,5 працэнта гадавых.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі