Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

4 Сак 2025

Мяса, малако, ласункі, снэкі: беларускія прадукты харчавання і напіткі прэзентуюць у Інданезіі

Мяса, малако, ласункі, снэкі: беларускія прадукты харчавання і напіткі прэзентуюць у Інданезіі
Фота Нацыянальнага цэнтра маркетынгу

4 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальным цэнтрам маркетынгу запланавана да арганізацыі калектыўная экспазіцыя Беларусі ў рамках Міжнароднай выстаўкі прадуктаў харчавання і напіткаў Food+Beverage Indonesia, якая пройдзе з 7 па 10 мая ў Джакарце. Спіс удзельнікаў ужо фарміруецца, паведамілі БЕЛТА ў Цэнтры маркетынгу.

Food+Beverage Indonesia - адно з буйнейшых мерапрыемстваў у краіне, на пляцоўцы якога мясцовыя і замежныя кампаніі прадстаўляюць традыцыйныя і новыя прадукты харчавання і напіткі, харчовыя інгрэдыенты, перадавыя тэхналогіі і абсталяванне шырокай спецыялізаванай аўдыторыі: прадстаўнікам дзяржаўных органаў, гандлёвых палат, прадуктовых сетак, гасцінічнага і рэстараннага бізнесу. У 2024 годзе ў выстаўцы прынялі ўдзел больш за 200 кампаній з шасці краін, а менавіта Кітая, Тайланда, Малайзіі, Японіі, Іспаніі і Швецыі, а колькасць наведвальнікаў перавысіла 30 тыс.

Тэматычныя раздзелы выстаўкі: мясная і малочная прадукцыя, морапрадукты, кандытарскія вырабы, алкагольныя і безалкагольныя напіткі, бакалея, снэкі, харчовыя дабаўкі і інгрэдыенты, здаровае харчаванне, абсталяванне і тэхналогіі вытворчасці харчовай прадукцыі, упакоўка.

"Інданезія - дзяржава з буйнейшай эканомікай у Паўднёва-Усходняй Азіі. Паводле даных на 2024 год, краіна займае чацвёртае месца па колькасці насельніцтва ў свеце і сёмае па парытэце пакупной здольнасці . Згодна з аглядам харчовых тэндэнцый у Інданезіі, апублікаваным экспертамі Innova Market Insights, у 2024 годзе назіраўся рост спажывання насельніцтвам малочнай прадукцыі, мяса і рыбы, - пракаменціравалі ў Нацыянальным цэнтры маркетынгу. - Акрамя таго, вырас попыт на прадукты спартыўнага і функцыянальнага харчавання, у тым ліку з вялікай колькасцю клятчаткі і бялку. Перавага аддаецца якаснай прадукцыі з натуральнымі інгрэдыентамі ў саставе".

Эксперты лічаць, што ўдзел беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый у калектыўнай экспазіцыі ў рамках выстаўкі Food+Beverage Indonesia будзе садзейнічаць пашырэнню айчыннай прадукцыі на рынку Інданезіі, устанаўленню новых дзелавых кантактаў з патэнцыяльнымі партнёрамі, нарошчванню і дыверсіфікацыі экспарту.

Нацыянальны цэнтр маркетынгу забяспечыць беларускім прадпрыемствам і арганізацыям комплекс паслуг па ўдзеле ў калектыўнай экспазіцыі: распрацоўка дызайн-праекта экспазіцыі, будаўніцтва і афармленне стэнда, комплекснае вырашэнне арганізацыйных пытанняў (падбор аптымальнага авіяпералёту, гасцініцы і трансферу). Для своечасовага фарміравання спіса беларускіх экспанентаў, браніравання выставачнай плошчы і вырашэння арганізацыйных пытанняў трэба праінфармаваць аб зацікаўленасці прыняць удзел у выстаўцы з пазначэннем патрэбнага метражу не пазней за 10 сакавіка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі