5 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прапанова аб стварэнні ў Беларусі крыптабанка прагучала на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях развіцця сферы лічбавых знакаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ініцыятыву правесці ў краіне эксперымент па стварэнні крыптабанка агучыў на мерапрыемстве першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў. Гэта прапанова, паводле яго слоў, была ў цэлым падтрымана Прэзідэнтам. "Пры гэтым была звернута ўвага, што на ўзроўні Прэзідэнта павінны быць прыняты ўсе рашэнні, каб патэнцыяльным інвестарам было зразумела, як гэта будзе функцыянаваць, па-першае. А па-другое, гарантыі па сутнасці будуць на ўзроўні дзяржавы і падпісаны непасрэдна Прэзідэнтам у форме ўказа", - сказаў Аляксандр Ягораў.
Прадугледжваецца, што на працягу месяца Нацыянальны банк і ўрад падрыхтуюць адпаведны праект указа, які будзе ўнесены на подпіс кіраўніку дзяржавы.
У дапрацаваным варыянце Прэзідэнт запатрабаваў устараніць асобныя "белыя плямы" і недахопы, пра якія ішла размова ў час абмеркавання ініцыятывы Нацбанка на нарадзе.
У прыватнасці, гаварылася аб тым, што Беларусь, ствараючы ў сябе крыптабанк, з'яўляецца першапраходцам з пункту гледжання сусветнай фінансавай сістэмы, напрацоўвае ўнікальны вопыт. Бо на дадзены момант такія структуры ёсць толькі ў Швейцарыі, Сінгапуры і адным са штатаў ЗША.
Як удакладніў Аляксандр Ягораў, у Швейцарыі і Сінгапуры крыптабанкамі сталі звычайныя банкі, якім дазволілі купляць крыптавалюты, браць іх у абарачэнне, на баланс. У ЗША пайшлі іншым шляхам: дазволілі выкарыстоўваць крыптавалюты нараўне са звычайнымі грашыма, валютамі. Гэта значыць, грамадзяне могуць захоўваць сродкі як у крыпце, так і ў звычайных грошах. Але ў гэтым выпадку ўзнікае складанае пытанне, як у выпадку з крыптай забяспечыць захаванасць сродкаў грамадзян, гарантаваць іх вяртанне, з улікам вельмі вялікай валацільнасці і рызык крыптавалютнага рынку.
"Таму мы прапануем правесці эксперымент, - сказаў на нарадзе першы намеснік старшыні Нацбанка. - Зразумелага, выбудаванага заканадаўства нідзе ў свеце няма. Адпаведна, наша задача, як мы яе бачым, - стварыць пэўную заканадаўчую юрысдыкцыю сумесна з інвестарамі з пункту гледжання бяспекі, празрыстасці работы гэтых інстытутаў, забеспячэння захаванасці сродкаў інвестараў. Мы бачым тры гады эксперыменту як эвалюцыйны рэжым, калі мы разам з інвестарам будзем гэта заканадаўства карэкціраваць з улікам таго, як гэта будзе адбывацца".

Не ўсе ўдзельнікі нарады ўспрынялі прапанову Нацбанка на ўра. Старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў адзначыў, што КДК не адхіляе ідэю крыптабанкаў, але лічыць, што такі ўказ павінен ісці пакетным прынцыпам і змяшчаць дакладныя механізмы функцыянавання такіх банкаў (па якіх прынцыпах, якая будзе сістэма кантролю), каб можна было ацаніць усе патэнцыяльныя рызыкі і тое, як гэта паўплывае на эканоміку краіны, на бюджэт, як будуць забяспечаны гарантыі інвестарам.
Аляксандр Ягораў растлумачыў, што ўсе гэтыя фактары ўлічваліся пры падрыхтоўцы праекта ўказа і будуць дашліфаваны на этапе яго дапрацоўкі. Паводле яго слоў, ствараць крыптабанк прапануецца ў форме нябанкаўскай камерцыйнай фінансавай арганізацыі (НКФА). Такія структуры ў Беларусі ўжо ёсць, для іх дзейнічае зразумелае заканадаўства: якія аперацыі яны могуць ажыццяўляць, які павінен быць мінімальны статутны фонд і да т.п. Заканадаўчым рэгуляваннем дзейнасці НКФА займаецца Нацбанк. "Яны знаходзяцца пад поўным наглядам Нацыянальнага банка, даюць справаздачнасць у адпаведнасці з нашымі патрабаваннямі, і наша задача будзе выбудаваць сістэму прудэнцыяльных паказчыкаў, якія будуць дакладна гаварыць - яны (крыптабанкі. - Заўвага БЕЛТА) займаюцца добрым і карысным бізнесам для краіны або яны займаюцца нейкімі махінацыямі", - адзначыў Аляксандр Ягораў.
У параўнанні з іншымі НКФА крыптабанкі павінны мець больш абмежаванняў. І гэта пытанне па даручэнні Прэзідэнта трэба дапрацаваць усім зацікаўленым.
Напрыклад, у частцы, якая датычыцца прыцягнення сродкаў фізічных асоб. "Наша бягучая пазіцыя: грошы грамадзян Беларусі крыптабанк прыцягваць не павінен, таму што ёсць рызыка таго, што гэтыя грошы могуць быць выведзены за мяжу, украдзены або іх кошт знізіцца, таму што знізіцца кошт крыптавалют", - сказаў першы намеснік старшыні Нацбанка.
"Разумеючы, што крыптабанк - гэта крыху больш рызыкоўная рэч, чым звычайныя банкі, якія гістарычна існуюць стагоддзі, падвяргаць такой рызыцы нашых грамадзян і гарантыйны фонд, які ў рамках крыптабанка, дапусцім, поўнасцю выплаціў бы грошы, мы не можам", - дадаў ён. У сувязі з гэтым ёсць прапанова, каб у крыптабанк, напрыклад, прыцягваць сродкі фізічных асоб - нерэзідэнтаў або фізічных асоб-рэзідэнтаў, але выключна ў форме крыптавалют (не ў беларускіх рублях, доларах, еўра).
Па выніках нарады Прэзідэнт дакладна паставіў задачу, што ніякіх "белых плям" ва ўказе быць не павінна. Сфармулявана ўсё павінна быць такім чынам, каб патэнцыяльныя інвестары, прыходзячы сюды, дакладна разумелі правілы гульні. "Гэта датычыцца як функцыянавання асобных аперацый, так і ў цэлым функцыянавання інстытутаў (крыптабанка. - Заўвага БЕЛТА), уключаючы падаткаабкладанне, пытанні захавання ПАД/ФТ (абавязковы дакумент для арганізацый, які распрацоўваецца для процідзеяння легалізацыі (адмыванню) даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаванню тэрарызму. - Заўвага БЕЛТА)", - удакладніў Аляксандр Ягораў.
Ён падкрэсліў, што Беларусь у плане развіцця крыптавалютнага рынку адкрыта для інвестараў з розных краін. "Па растучых лічбах абароту нашых крыптабіржаў і па патэнцыяльным попыце на такую інстытуцыю, як крыптабанк, мы бачым, што і дзеючая рэгуляцыя вельмі цікавая для інвестараў, і патэнцыяльная рэгуляцыя, якую мы хочам увесці, - гэта будзе пэўны прарыў не толькі на рэгіянальным, але і на ўзроўні ўсіх краін", - заявіў першы намеснік старшыні Нацбанка.