18 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урадам падрыхтаваны праект указа, які забяспечвае комплекснае рашэнне па фінансавым аздараўленні холдынга "АМКАДОР". Дакумент стаў прадметам абмеркавання на нарадзе Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У ліку пытанняў парадку дня мерапрыемства - забеспячэнне ўстойлівай работы холдынга "АМКАДОР". Яго гісторыя налічвае амаль 100 гадоў. З моманту стварэння ў 1927 годзе першага завода ён ператварыўся ў буйнейшага вытворцу дарожна-будаўнічай, лясной і сельскагаспадарчай тэхнікі ў Беларусі і краінах СНД. "Найважнейшы і найкаштоўнейшы завод", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ад якасці яго тэхнікі, напрыклад, залежыць хуткасць устаранення бураломаў, будаўніцтва дарог, элементарная чысціня на вуліцах гарадоў, ды і запасы збожжа, паколькі апошнім часам і ў гэтай сферы выкарыстоўваюцца новыя ўзоры тэхнікі холдынга.
Аднак цяпер холдынг перажывае не самы лепшы час. "Лінейка прадукцыі пастаянна пашыраецца, - заўважыў Прэзідэнт. - За апошнія гады створана нямала навінак. Гэта пагоня за разнастайнасцю, магчыма, і стала адной з прычын складанай фінансавай сітуацыі".
"Паколькі былыя ўладальнікі холдынга сумленна прызналі, што больш не могуць забяспечваць вяртанне запазычаных сродкаў (гэта значыць прызналі, што даўгі ўзялі, а вярнуць не могуць), мы былі вымушаны прыняць кіруючую кампанію ва ўласнасць дзяржавы, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ж не можам калектыў кінуць, гэта тысячы людзей. Самае галоўнае, што гэта прадукцыя нам патрэбна".
Ураду ставілася задача падрыхтаваць комплекснае рашэнне па фінансавым аздараўленні "АМКАДОРа". Асноўныя ўмовы - захаваць вытворчасць, не страціць напрацаваныя кампетэнцыі і абараніць працоўны калектыў. "Людзі ні ў чым не вінаватыя. Тым больш людзі моцныя (у плане прафесіяналізму, кваліфікацыі. - Заўвага БЕЛТА), вопытныя".
"Цяпер не час нам распыляцца, спрабуючы ў адзін момант задаволіць запыты ўсіх спажыўцоў. Трэба забяспечыць вытворчасць самых запатрабаваных і, адпаведна, буйнасерыйных мадэлей тэхнікі, іх якасць і канкурэнтаздольнасць", - расставіў прыярытэты Прэзідэнт. Калі, вобразна кажучы, у холдынгу захочуць асвоіць выпуск яшчэ якіх-небудзь навінак, няхай гэта будуць хоць касмічныя ракеты, яны могуць гэта рабіць, але выключна за кошт уласных сродкаў. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што пазычыць пад гэта ў дзяржавы грошай, а потым іх не вярнуць, не атрымаецца.
Яшчэ адзін аспект, на які звярнуў увагу Прэзідэнт і ад якога залежыць стабільная эфектыўная работа холдынга, гэта імпартазамяшчэнне. "Каб не залежаць ад еўрапейскіх пастаўшчыкоў камплектуючых, патрэбны ўласныя распрацоўкі і рост лакалізацыі. Імкнуцца трэба да 100 працэнтаў. Каб усё выраблялі самі. У крайнім выпадку - з расіянамі", - адзначыў ён.
На разгляд кіраўніка дзяржавы прадстаўлены падрыхтаваны ўрадам праект указа, які забяспечвае вырашэнне крызіснай сітуацыі ў холдынгу "АМКАДОР". Гаворачы пра гэты дакумент, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што ён павінен быць абгрунтаваным і добра прапрацаваным, каб не давялося ў хуткім часе ўносіць змяненні або дапаўненні, зноў разлічваючы на падтрымку з боку дзяржавы.
"Я ўжо не раз адзначаў: ад практыкі "падтрымання штаноў" трэба пазбаўляцца. Бюджэтныя грошы - грошы народныя. І ў нас шмат ёсць куды ўкладваць гэтыя грошы", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы спытаў, што ўжо зроблена ўрадам і новым кіраўніцтвам "АМКАДОРа" для выпраўлення існуючай сітуацыі і ці ёсць станоўчыя якасныя змяненні.
Як паведамлялася, у чэрвені гэтага года ўзначальваць "АМКАДОР" быў накіраваны Аляксандр Яфімаў, які працаваў на той момант на пасадзе міністра прамысловасці, а да гэтага - на "АМКАДОРы", і таму добра знаёмы са спецыфікай холдынга і калектывам.
Такое кадравае рашэнне было прынята са згоды Прэзідэнта, які звярнуў увагу на неабходнасць захаваць вытворчасць і працоўны калектыў. "Там тысячы людзей, і яны чакаюць адказу: нас дзяржава кіне або не. Вы ім адкрыта і скажыце ад майго імя (я ў вас яшчэ пабуду ў бліжэйшы час): мы нікога кідаць не збіраемся, там працуюць нашы людзі. І тое, што гэта прадпрыемства не змагло функцыянаваць як трэба ў прыватным, можна сказаць, парадку, таксама шмат аб чым сведчыць. Таму дзейнічайце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Выведзіце прадпрыемства з цяперашняга стану ў нармальны - добра. Але калектыву перадайце, што чарговы раз спадзявацца, што мы ўвалім нейкія туды мільёны рублёў або долараў, - гэтага не будзе. Перш за ўсё вы будзеце выходзіць з гэтай сітуацыі за кошт сваіх рэсурсаў і рэзерваў".
"Вам давядзецца сур'ёзна папрацаваць на рынках для таго, каб прадаць сваю прадукцыю. Аптымізуйце вытворчасць, разбярыцеся. Не ў плане наменклатуры выпускаемай прадукцыі, а з тым, дзе вам трэба новыя вытворчасці ствараць, нешта будаваць і гэтак далей. Вы ведаеце, аб чым ідзе размова", - даручаў тады кіраўнік дзяржавы.