27 верасня, Шклоўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці азнаёміўся з работай аградронаў на кукурузным полі ЗАТ "ААБ-Агра Гарадзец", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўніку дзяржавы паказалі тэхналогію дэсікацыі дронамі. Гэта працэс перадуборачнага высушвання раслін, які дазваляе мінімізаваць страты і аптымізаваць збор ураджаю. Дроны выкарыстоўваюцца для дэсікацыі рапсу, сланечніку, кукурузы, соі, збожжавых і зернебабовых, што дае магчымасць раўнамерна наносіць дэсіканты нават на вільготнай глебе.
Тэхналогія дэсікацыі мае шэраг пераваг. Сучасныя аградроны гарантуюць дакладнасць апрацоўкі без пашкоджання пасеваў, што дае магчымасць скараціць час да ўборкі і палепшыць якасць ураджаю. Дзякуючы сваёй манеўранасці і кампактнасці дроны могуць дабрацца да месцаў, якія недаступны для традыцыйнай тэхнікі.
Кіраўнік дзяржавы падрабязна распытаў спецыялістаў пра характарыстыкі дрона, такія, напрыклад, як час работы. Ён таксама пацікавіўся меркаваннем намесніка кіраўніка спраў Прэзідэнта Мікалая Шарснёва.
"Цудоўная рэч", - сказаў Мікалай Шарснёў.
"Гэта ж не толькі дэсіканты, можна ўносіць што хочаце", - заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся пра тэхналогію дэсікацыі ў цэлым. Паводле яго слоў, гэты напрамак трэба развіваць, калі ён сапраўды перспектыўны.