12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў гэтым годзе добры ўраджай бульбы, краіна будзе забяспечана ёй у дастатковым аб'ёме. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 12 верасня на цырымоніі адкрыцця рэканструяванага гісторыка-культурнага комплексу "Лошыцкі" ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы, размаўляючы з будаўнікамі і супрацоўнікамі комплексу, закрануў актуальную тэму ўборачнай кампаніі, адзначыўшы, што ўборка збожжавых і каласавых практычна завершана. Разлікі на ўраджай у гэтым годзе былі каля 11 млн т. Але, мяркуючы па актуальных даных, лічбы будуць яшчэ больш высокімі. З палёў краіны ўжо намалочана амаль 9 млн т збожжа з улікам рапсу. Уборка кукурузы яшчэ прадаўжаецца, яе плануецца сабраць каля 2 млн т. Такім чынам, агульны аб'ём збожжа складзе прыкладна 11 млн т. "Гэта вельмі многа. Рэдка якая краіна збірае на душу насельніцтва столькі хлябоў. Гэта значыць будзем з хлебам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца бульбы, з наяўнасцю якой у магазінах былі праблемы вясной бягучага года, яе вырасцілі дастаткова, каб поўнасцю закрыць патрэбнасці насельніцтва і яшчэ паставіць на экспарт. Паводле слоў Прэзідэнта, сітуацыю з недахопам бульбы прааналізавалі, фактараў, якія да яе прывялі, шмат. "Мы ведаем і больш не дапусцім", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі, пасяўныя плошчы пад бульбу былі павялічаны. "У гэтым годзе добры ўраджай. Будзем з бульбай", - запэўніў Прэзідэнт.