3 кастрычніка, Салігорскі раён /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўстановяць поўную забарону на адчужэнне зямель сельгаспрызначэння. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час рабочай паездкі ў Салігорскі раён, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ніякіх новых зямель са складу сельгасугоддзяў пад будаўніцтва або прысядзібныя ўчасткі даваць не будуць, паколькі гэта каштоўны рэсурс. Тым больш калі ў малых населеных пунктах ёсць шмат закінутых і невыкарыстоўваемых участкаў. "Каб усё разаралі, непатрэбнае прыбралі", - даручыў ён.
Што датычыцца адчужэння зямель сельгаспрызначэння пад іншыя патрэбы, то Аляксандр Лукашэнка адназначна абазначыў падыход: "Гэта выключана. Гэта адзінкавыя выпадкі пад інвестыцыі якія-небудзь. І тое гэта ўсё рашэнні Прэзідэнта. Лес і сельгасугоддзі. Каб вы разумелі, што ў будучым годзе будзе поўная забарона на адчужэнне зямель сельгаспрызначэння. Адчужаць землі сельгаспрызначэння - ні ў якім выпадку".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што цяперашнія землі сельскагаспадарчага прызначэння - гэта ў тым ліку спадчына, што дасталася ад продкаў, якія некалі пачыналі асвойваць тэрыторыі, займаючыся лядным земляробствам.