21 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спыненне зернесушыльнага комплексу роўнае спыненню ўсяго цыкла ўборкі, масаваму псаванню ўраджаю, зніжэнню яго класа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на селектарнай нарадзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ключавая ўмова паспяховай работы менавіта ў гэтым годзе - надзейнасць сушыльнай гаспадаркі. Збожжа ў вялікіх аб'ёмах давядзецца прапускаць праз сушылкі. Як мінімум адзін раз, каб пазбегнуць страт ураджаю. Таму ўсе збожжатокі і зернесушылкі павінны быць поўнасцю спраўныя", - даручыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер гатоўнасць зернесушыльных комплексаў складае 97 працэнтаў. Паводле інфармацыі ўрада, існуючыя 1660 зернесушыльных комплексаў дадуць магчымасць поўнасцю апрацаваць сутачны аб'ём збожжа. "З кабінета ўрада - так, а на самай справе - не. Аблятаючы ўсход і цэнтр Беларусі, я бачыў на збожжатоках немалую колькасць збожжа, якое ляжыць у буртах", - заявіў беларускі лідар.
"Спадзяюся, вы добра разумееце, што спыненне зернесушыльнага комплексу роўнае спыненню ўсяго цыкла ўборкі, масаваму псаванню ўраджаю, зніжэнню яго класа", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт канстатаваў, што факты негатоўнасці зернесушыльных комплексаў устаноўлены кантралёрамі ў кожнай пятай гаспадарцы. Літаральна на мінулым тыдні не працавалі 49 комплексаў, у тым ліку ў Віцебскай вобласці - 16, у Гомельскай - 13.



