21 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе Самарскай вобласці Расіі ствараць сумесныя прадпрыемствы, прычым як з улікам ужо існуючых кампетэнцый, так і па новых напрамках. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з губернатарам Самарскай вобласці Вячаславам Федарышчавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Будзем гатовы заўсёды садзейнічаць рэалізацыі нашых дамоўленасцей. Калі мы аб нечым дамовімся, мы абавязкова дамоўленасці выканаем", - запэўніў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цэнтральная задача заключаецца ў павелічэнні несыравіннага экспарту, нарошчванні прамкааперацыі і выпуску саюзнага прадукту.
"Мы гатовы разам ствараць сумесныя прадпрыемствы, і перш за ўсё ў Самарскай вобласці, таму што вельмі магутная ў прамысловых адносінах, перспектыўныя прадпрыемствы (у гэтым расійскім рэгіёне. - Заўвага БЕЛТА). Мы хацелі б з імі супрацоўнічаць. Вядома, у выніку гэтага супрацоўніцтва мы атрымалі б новыя кампетэнцыі, а вы атрымалі б добрых, мазгавітых людзей у Беларусі, якія маглі б супрацоўнічаць і ствараць сумесны прадукт, - заявіў Прэзідэнт. - Думаю, нам на гэта трэба сёння перш за ўсё звяртаць увагу, не забываючы, вядома ж, аб традыцыйных напрамках супрацоўніцтва, такіх як пастаўка нашай тэхнікі ў Самарскую вобласць - тая, якая вам патрэбна - пасажырская, грузавая, камунальная, дарожна-будаўнічая, кар'ерная, сельскагаспадарчая, пажарная і іншыя віды".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі і ў прамысловасці, і ў сельскай гаспадарцы вырабляюць усе тавары, якія патрэбны для жыцця. "Думаю, у Самарскай вобласці гэта заўсёды будзе запатрабавана, хоць яна і сама ўсё гэта ўмее рабіць", - сказаў Прэзідэнт.
Асаблівую ўвагу ён звярнуў на сферу станкабудавання, якая ў тым ліку запатрабавана ў авіябудаванні, і гэты напрамак развіты ў Самарскай вобласці. У Беларусі ў сваю чаргу з савецкіх часоў развіваюць станкабудаванне, і гэта быў беларускі брэнд нараўне з шэрагам іншых галін. "Станкабудаванне - гэта вельмі магутны напрамак развіцця нашай прамысловасці. Мы захавалі ўсе кампетэнцыі, прадпрыемствы. Вы можаце падключыцца да гэтага. Мы атрымаем добры эфект. Таму мы гатовы працаваць па станкабудаванні", - прапанаваў кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адна прапанова, якую агучыў Аляксандр Лукашэнка, - вытворчасць камплектуючых для легкавых аўтамабіляў: "У вас там цэлы кластар. У нас ёсць прадпрыемствы, якія вырабляюць камплектуючыя. Можам разам супрацоўнічаць. У рэшце рэшт, падзяліць гэты рынак велізарны беларуска-расійскі, ды і за мяжу разам пастаўляць. Не трэба нам канкурыраваць там, дзе не трэба канкурыраваць".
Прэзідэнт таксама прапанаваў пастаўляць у гэты расійскі рэгіён беларускае ліфтавае абсталяванне, якое запатрабавана ў многіх краінах свету, і асабліва на постсавецкай прасторы.
"Я сказаў аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў. Самарская вобласць для нас вельмі падыходзіць. Таму што найвышэйшае развіццё. Мы таксама імкнёмся атрымліваць больш інавацыйнага прадукту. У гэтым плане ёсць, над чым падумаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама запэўніў, што Беларусь гатова пастаўляць у Самарскую вобласць не толькі прамысловыя тавары, але і сельскагаспадарчую прадукцыю, у цэлым развіваць супрацоўніцтва ў АПК: "У Расіі прадукты харчавання патрэбны будуць заўсёды, яны патрэбны і сёння. Таму разам давайце будзем працаваць, вырабляць патрэбныя прадукты і прадаваць на нашых сумесных ранках".
"Калі нешта ўбачыце цікавае ў Беларусі, мы да вашых паслуг. Гатовы заўсёды з вамі працаваць і супрацоўнічаць. Гатовы зрабіць для вас усё, што мы можам і нават не можам, але зможам у перспектыве рабіць", - рэзюмаваў беларускі лідар.
За апошні час максімальнага ўзроўню тавараабарот Беларусі з Самарскай вобласцю дасягнуў у 2023 годзе - больш як $3,2 млрд. Для параўнання, у 2020-2021 гадах ён складаў каля $700 млн. Па выніках 2024 года бакі нагандлявалі на $2,8 млрд, а ў студзені-маі 2025 года - амаль на $2,1 млрд.
Пастаўкі тэхнікі ажыццяўляюцца пераважна праз дылерскую сетку беларускіх прадпрыемстваў. У цэлым у Беларусі ў рэгіёне ёсць даволі развітая тавараправодная сетка. Напрыклад, фірменны гандаль канцэрна "Беллегпрам" прадстаўлены 8 магазінамі, а мэбля кампаніі "Пінскдрэў" рэалізуецца праз 8 магазінаў. Акрамя таго, у Самарскай вобласці пад брэндам "Беларускія прадукты" працуюць больш як паўтара дзясятка магазінаў.