17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што тэхнаінкубатары для дзяцей і моладзі будуць не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй краіне. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у час адкрыцця Мінскага гарадскога Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт заявіў, што ў Беларусі ўкладвалі і будуць укладваць сродкі ў развіццё перспектыўных тэхнічных напрамкаў - робататэхнікі, нанаэлектронікі, складаных самаабучальных сістэм і іншых галін навукі. Пастаянна ўдасканальваецца падрыхтоўка кадраў, узмацняецца ўзаемадзеянне адукацыі з высокатэхналагічнымі прадпрыемствамі.
"Новы гарадскі Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі павінен стаць адной са ступеней такой падрыхтоўкі, дзе кожны, каго вабяць навуковыя таямніцы і адкрыцці, мог бы знайсці свой шлях у вялікую навуку або рэальную вытворчасць. І адкрыта скажу, чаго нам не хапае: нам патрэбны інжынеры", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што ў гэтым плане здольных дзяцей шмат, але трэба іх выяўляць і працаваць з імі: "У дзяцінстве мы іх заўважаем, цягнем наверх праз такія цэнтры. Разлічваю, што такія тэхнаінкубатары будуць не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй краіне. Якімі яны павінны быць, мы прыкладна і паказваем".
Прэзідэнт падкрэсліў, што плошчаў для гэтага хапае, нават будаваць не трэба. Напрыклад, Мінскі гарадскі Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі быў створаны на месцы былога аўтавакзала "Усходні". Будынак рэканструяваны і аснашчаны неабходным абсталяваннем. Цэнтр займае памяшканні агульнай плошчай больш за 7,2 тыс. кв.м.
"Неабходна толькі рацыянальна, з розумам выкарыстоўваць тое, што ўжо ёсць. Сёння трэба шукаць таленты з самага юнага ўзросту, ствараць умовы для іх вучобы і прафесійнага росту. Шкадаваць на гэта грошы не трэба, таму што гэта будучыня, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Дзяцей трэба забраць з вуліцы, адцягнуць іх увагу ад пустога марнавання часу за экранамі гаджэтаў, навучыць думаць і прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Гэта не толькі важна для краіны, але і для іх саміх добры зачын на будучыню".






Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што лабараторыі цэнтра, аснашчаныя самым сучасным абсталяваннем, трэніровачныя пляцоўкі, прасторныя вучэбныя класы пасадзейнічаюць дасягненню гэтай мэты, а таксама стануць сапраўдным падарункам для сталічнай моладзі. "Калі хто-небудзь прыедзе сюды з рэгіёнаў, я думаю, мы нікому не будзем адмаўляць", - дадаў ён.
"Цяпер слова за вамі, мае юныя сябры. Як бы пафасна гэта ні гучала, менавіта вам - новаму пакаленню вучоных, канструктараў, інжынераў і спецыялістаў - давядзецца праз некалькі гадоў ствараць заўтрашні дзень нашай краіны, - звярнуўся да дзяцей Аляксандр Лукашэнка. - Часта чую: гэтага не хапае, гэтага хацелася б... Рэалізоўвайце свае "хацелкі". Рабіце так, каб гэта было выгадна для вас, для вашых бацькоў, для сям'і. І каб гэта было выгадна для краіны".
Прэзідэнт адзначыў, што дзеці і моладзь, працуючы ў лабараторыях, канструктарскіх бюро або вытворчых цэхах, будуць прымаць і ўвасабляць у жыццё рашэнні, якія вызначаць лёс Беларусі на гады і дзесяцігоддзі.
"Дарагія сябры, вучоба ў Цэнтры дае вам унікальны шанц праявіць сябе ў інавацыйнай тэхнічнай творчасці ў галіне радыёэлектронікі, робататэхнікі і праграмавання. Верце ў сябе. Я ведаю, вы ўжо паверылі. Мы вам будзем усяляк дапамагаць, таму што без навукі нікуды", - запэўніў ён.
Аляксандр Лукашэнка назваў цяперашнюю сустрэчу з дзецьмі і моладдзю, якія займаюцца творчасць у навукова-тэхнічнай сферы, толькі "маленькай размовай", якая папярэднічае вялікай - з вучонымі і акадэмікамі краіны. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што ў хуткім часе плануецца правесці чарговы з'езд вучоных, на якім будуць абмяркоўвацца далейшыя напрамкі развіцця навукі ў краіне і яе больш цеснай сувязі з вытворчасцю.