9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з апаратам Нацыянальнага банка і кіраўніцтвам банкаў заявіў пра неабходнасць больш актыўна ўкараняць сучасныя лічбавыя банкаўскія тэхналогіі пры правядзенні плацяжоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Неабходна больш актыўна ўкараняць сучасныя лічбавыя банкаўскія тэхналогіі пры правядзенні плацяжоў. Сёе-тое ўжо зроблена. Напрыклад, рэалізавана магчымасць ажыццяўлення плацяжоў з выкарыстаннем QR-кодаў, - сказаў Прэзідэнт. - Не пазней за канец года трэба таксама ўвесці ў строй сістэму імгненных плацяжоў. Гэта дасць магчымасць людзям атрымаць яшчэ адзін просты і зручны спосаб аплаты тавараў, работ і паслуг".
У той жа час, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, у бізнесу з'явіцца магчымасць залічэння сродкаў у рэжыме рэальнага часу ў выхадныя і святочныя дні, чаго раней не было ў Беларусі.
"Паколькі гэта ў першую чаргу - абарачальнасць грашовых сродкаў, даступная ліквіднасць, скарачэнне касавых разрываў арганізацый. Гэта значыць, адны перавагі", - упэўнены ён.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, развіццё мабільных тэхналогій і рост якасці паслуг сувязі зрабілі магчымым прымяненне банкамі лічбавых прадуктаў, якія карэнным чынам змянілі прывычныя стандарты банкаўскай дзейнасці і дазволілі ўстанаўліваць дыстанцыйныя адносіны паміж банкам і кліентам.
"Я ўжо не раз гаварыў: свет не стаіць на месцы. Тэхналогіі развіваюцца касмічнымі тэмпамі. І сёння выйграе той, хто першым знаходзіць ім прымяненне і бачыць зачын на будучыню. Банкам неабходна ўзмацніць работу па ўкараненні ў банкаўскую дзейнасць рашэнняў, пабудаваных на выкарыстанні штучнага інтэлекту. Гэта дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць унутраных банкаўскіх працэсаў і пераразмеркаваць працоўныя рэсурсы на вырашэнне складаных і стратэгічных пытанняў", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што з улікам сусветных трэндаў у банкаўскім сектары лічбавы вектар павінен быць накіраваны на развіццё такіх напрамкаў, як выкарыстанне біяметрычных тэхналогій, стварэнне ўласнай ІТ-кампаніі, якія даюць магчымасць знізіць высокую залежнасць ад пастаўшчыкоў гэтых паслуг. Кіраўнік дзяржавы абазначыў неабходнасць стварэння карпаратыўных універсітэтаў па падрыхтоўцы спецыялістаў для банка "яшчэ са студэнцкай лаўкі на стыку некалькіх спецыяльнасцей".
"І ў цэлым банкам трэба арыентавацца на атрыманне максімальных станоўчых вынікаў, якія здольны даць сучасныя тэхналогіі. Лічбавізацыя тут не дзеля лічбавізацыі, а для рэальнага эканамічнага эфекту", - дадаў ён.
Разам з тым, падкрэсліў Прэзідэнт, укараненне лічбавых тэхналогій павінна суправаджацца не менш актыўнай работай па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі. "Як паказала практыка, у большасці выпадкаў людзі самі даюць махлярам інфармацыю для доступу да сваіх рахункаў. Таму задача банкаў - прадоўжыць шырокамаштабнае інфармаванне насельніцтва аб найбольш распаўсюджаных і новых спосабах учынення кіберзлачынстваў, а таксама аб мерах па іх прафілактыцы", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Для ўзмацнення кібербяспекі, канстатаваў кіраўнік дзяржавы, банкам неабходна больш актыўна развіваць і ўкараняць айчынныя распрацоўкі ў галіне інфармацыйнай бяспекі, адаптаваныя пад патрэбнасці беларускага рынку.
"Акрамя таго, Нацыянальны банк пры правядзенні праверак банкаў павінен удзяляць павышаную ўвагу ацэнцы рызык парушэння інфармацыйнай бяспекі, кіберрызыкі, а таксама мер, што прымаюцца банкамі для забеспячэння захаванасці банкаўскай тайны і абароны персанальных даных кліентаў", - рэзюмаваў беларускі лідар.