Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

1 Снж 2017

Лукашэнка накіруе ў Таджыкістан кіраўніцтва буйнейшых кампаній для вывучэння магчымасцей стварэння новых СП

Лукашэнка накіруе ў Таджыкістан кіраўніцтва буйнейшых кампаній для вывучэння магчымасцей стварэння новых СП1 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў накіраваць у Таджыкістан кіраўніцтва буйнейшых кампаній для вывучэння магчымасцей стварэння новых СП. Аб гэтым ён заявіў сёння на перагаворах з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам, які знаходзіцца ў Беларусі з рабочым візітам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Прэзідэнта, ён шмат думаў, у якім напрамку краінам неабходна далей развіваць адносіны. "Сёння ў вас сітуацыя палепшылася яшчэ і таму, што вы наладзілі бліскучыя адносіны са сваімі суседзямі, асабліва з Узбекістанам. Ужо няма тых праблем, якія некалі былі, асабліва па транзіце. Прынамсі, яны здымаюцца", - адзначыў ён.

"І мне здаецца, што нам трэба прыдумаць нешта такое, што стала б сапраўдным фундаментам нашых адносін. Гэта, вядома, эканоміка", - падкрэсліў беларускі лідар. "Я накірую кіраўнікоў буйнейшых кампаній, у таварах якіх вы маеце патрэбу, і мы паспрабуем стварыць у Таджыкістане сумесную вытворчасць. Яна будзе працаваць і на Таджыкістан, і на трэція краіны. Думаю, гэту ідэю нам варта абмеркаваць і даць строгае даручэнне тым, хто павінен яе выканаць", - заявіў Прэзідэнт. Ён лічыць, што дзве краіны маглі б сумесна працаваць на рынку Афганістана, у тым ліку ствараць там вытворчасці.

Што датычыцца палітыкі і дыпламатыі, кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў бакоў у гэтай сферы найбольш блізкія пазіцыі. "Мы заўсёды дамаўляліся. Ваш адзін званок, рэкамендацыя, просьба - мы заўсёды выконвалі. Калі я вас папрашу, вы заўсёды да дробязей паслядоўныя і пунктуальныя. Дай бог, каб у нас такія адносіны складваліся з усімі", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што эканоміка Таджыкістана пачала ўжо аднаўляцца пасля крызісу, які адчула на сабе і Беларусь. Ён таксама выказаў пажаданне, каб Эмамалі Рахмон больш падрабязна расказаў аб вопыце сваёй краіны па пераходзе з вуглевадародаў на мясцовае паліва і чыстую энергію. "Хацеў бы пачуць, як гэта вам удалося", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яшчэ з савецкіх часоў у яго склаліся добрыя ўражанні пра Таджыкістан і яго сталіцу Душанбэ, і такое стаўленне толькі ўмацавалася пасля таго, як ён наведваў гэту краіну ўжо ў якасці Прэзідэнта. "Мы даўнія сябры з вамі. Я вельмі люблю Таджыкістан. Я быў у вас на радзіме, бачыў вашу сельскую гаспадарку, вашу вытворчасць, алюмініевы магутны камбінат, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я люблю вашы горы, бываў там разам з вамі, бачыў гэтыя рэкі. І хоць у вас цяпер, як вы сказалі, малаводдзе і не хапае дажджоў, тым не менш гэта цудоўныя прыгожыя горныя рэчкі. Я ў свеце ўсюды пабываў ужо, але такой прыгажосці не бачыў. Я шчыра хацеў бы, каб нашы з вамі адносіны - таджыкскага і беларускага народаў - былі такімі ж прыгожымі".

У Таджыкістане дзейнічаюць суб'екты тавараправоднай сеткі больш як 15 беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку ААТ "БелАЗ", "МАЗ", "МТЗ", "Амкадор", "Гомсельмаш", "Бабруйскаграмаш".

Асноўным двухбаковым праектам з'яўляецца стварэнне ААТ "МТЗ" і ААТ "Бабруйскаграмаш" на базе дылера АТЗТ "Агратэхсэрвіс" у горадзе Гісар зборачнай вытворчасці трактароў, навяснога і прычапнога абсталявання. Наменклатура тэхнікі для сумеснай зборкі ўключае трактары "Беларус-82.1", прычэпы і паўпрычэпы самазвальныя. У перспектыве плануецца выпускаць больш за 10 мадэлей сельскагаспадарчай і спецыяльнай тэхнікі. Вытворчасць запушчана ў лістападзе 2017 года.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі