26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе спрасціць асобныя неабдуманыя моманты ў арганізацыі гандлю, у тым ліку ў сферы лічбавізацыі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе аб эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў маштабах Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"З апошніх прыкладаў непрадуманых рашэнняў назаву атрыманне электронных лічбавых подпісаў і маркіроўку тавараў спецыяльнымі меткамі і знакамі, якія для невялікага магазінчыка на тры паліцы - цэлы квест. Вы, прысутныя за сталом, асабліва арганізатары гандлю, разумееце, што вы прапануеце ў вёсцы, магазінчыкам гэтым?" - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"У любой справе можна дайсці да абсурду. Даніна модзе - бесталковая лічбавізацыя, напрыклад уліку і продажу малочных прадуктаў, выклікала вялікае абурэнне як пакупнікоў, так і прадаўцоў (аж да звальнення) ва ўсіх рэгіёнах", - заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду яшчэ раз вярнуцца да гэтага пытання і ў найкарацейшыя тэрміны ўсё разумна спрасціць. А калі трэба - зрабіць для вёскі асаблівы парадак.
"Бабе Дуні ў вёсцы трэба малако, мяса і кавалак хлеба, а не лічбавізацыя", - вобразна сказаў Аляксандр Лукашэнка пра патрабаванні сельскага насельніцтва да гандлёвага абслугоўвання.
Каменціруючы гэту тэму журналістам па выніках нарады, кіраўнік МАРГ Артур Карповіч адзначыў, што за гэта пытанне адказвае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. На думку міністра, патрэбны час, каб у гэтым выпадку ўсё было выбудавана і працавала як гадзіннік.
"Не думаю, што мы зможам адмовіцца ад гэтай тэмы. Таму што прасочвальнасць тавару - гэта ў тым ліку бяспека нашага насельніцтва. Гэта недапушчэнне рэалізацыі няўлічаных, кантрафактных тавараў. Гэта таксама пласт работы", - падкрэсліў Артур Карповіч.
Адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, як будзе выконвацца даручэнне кіраўніка дзяржавы па спрашчэнні ў сферы лічбавізацыі гандлю, кіраўнік МАРГ выказаў упэўненасць, што адпаведнае даручэнне дойдзе да Міністэрства па падатках і зборах. "Вопытныя людзі расставяць усе прыярытэты і выберуць аптымальны варыянт", - рэзюмаваў ён.