Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

27 Apr 2018

Лукашэнка даручыў прааналізаваць усе малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы па трох крытэрыях

27 красавіка, Тураў /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў прааналізаваць усе малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы па трох крытэрыях. Адпаведныя задачы ён паставіў сёння, наведваючы Тураўскі малочны камбінат у час рабочай паездкі ў Жыткавіцкі раён, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гаспадаркі, якія займаюцца вытворчасцю малака, павінны накіроўваць сыравіну перш за ўсё на паспяховыя перапрацоўчыя прадпрыемствы. Такім чынам тыя будуць загружаны яшчэ больш, а значыць, дзяржбюджэт атрымае дадатковыя паступленні ў выглядзе падаткаў.

"Вось якая павінна быць палітыка, а не тое, што мы трымаемся за гэтыя заводы, якія працуюць горш, больш за дваццаць гадоў навейшай гісторыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў прааналізаваць усе малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы па трох крытэрыях: якую зарплату яны плацяць работнікам, па якім кошце закупляюць сыравіну і якія плацяць адлічэнні ў бюджэт. Адстаючыя вытворчасці трэба або закрыць, або мадэрнізаваць, каб яны давалі глыбокую перапрацоўку прадукцыі.

Было адзначана, што Тураўскі малочны камбінат з'яўляецца даволі паспяховым прадпрыемствам. Аднак сюды не заўсёды накіроўваецца сыравіна з рэгіянальных гаспадарак. Гэта тлумачыцца тым, што прадпрыемства нясе вялікую крэдытную нагрузку, таму плаціць падатак на прыбытак па меншым тарыфе. Мясцовым уладам выгадней пастаўляць сыравіну на вытворчасці, для якіх устаноўлена больш высокая падатковая стаўка. "Я не гатовы рабіць нейкія высновы. Але вы палічыце і мне далажыце: калі нехта губіць сыравіну на дрэнных перапрацоўчых прадпрыемствах, сядзе ў турму, а ўрад выганю", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

На Тураўскім малочным камбінаце Прэзідэнту далажылі аб выкананні яго даручэнняў па павелічэнні магутнасці перапрацоўкі малака, выпуску прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю па найноўшых тэхналогіях у Беларусі ў цэлым і ў Гомельскай вобласці і на камбінаце ў прыватнасці.

Кіраўніка дзяржавы таксама праінфармавалі аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па запуску другой вытворчай магутнасці, вытворча-тэхнічных характарыстыках, фінансава-эканамічным стане і перспектывах развіцця прадпрыемства. Аляксандр Лукашэнка наведаў некалькі цэхаў камбіната, азнаёміўся з сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі перапрацоўкі малака, вырабляемай і перспектыўнай прадукцыяй.

Як расказала журналістам дырэктар Тураўскага малочнага камбіната Вольга Луцко, прадпрыемства перапрацоўвае 400 т малака за суткі і пастаўляе прадукцыю на 12 рынкаў, у тым ліку ў дзяржавы СНД, ААЭ, Іарданію, Сінгапур, Кітай. "Мы запусцілі другую вытворчую чаргу ў канцы студзеня, што дасць магчымасць нам павялічыць перапрацоўку малака да 750 т за суткі", - адзначыла Вольга Луцко.

На камбінаце працуюць 340 чалавек - гэта жыхары Турава і Жыткавіцкага раёна, а таксама запрошаныя спецыялісты з розных рэгіёнаў краіны. На прадпрыемстве разлічваюць стварыць у гэтым годзе 90 новых рабочых месцаў. Фактычная сярэдняя зарплата тут па выніках першага квартала склала Br1 097. Чакаецца, што да канца года яна вырасце да Br1 270.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі