У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

10 Стд 2019

Лукашэнка даручыў кампенсаваць страты з-за падатковага манеўру ў супрацоўніцтве з Расіяй

Лукашэнка даручыў кампенсаваць страты з-за падатковага манеўру ў супрацоўніцтве з Расіяй

10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду кампенсаваць страты рэспубліканскага бюджэту з-за падатковага манеўру ў нафтавай сферы ў Расіі па любых напрамках супрацоўніцтва з гэтай краінай. Адпаведную задачу кіраўнік дзяржавы паставіў сёння на нарадзе аб сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў 2019 годзе і падыходах да далейшага развіцця інтэграцыйных напрамкаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка закрануў вынікі праведзеных у канцы снежня перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Бакі, у прыватнасці, абмяркоўвалі пытанні кампенсацыі беларускаму боку ў сувязі з падатковым манеўрам у Расіі ў нафтавай сферы. "Ніякага непрымання па пытанні кампенсацыі не было. Не было, што Расія гаворыць: "Не, мы не будзем кампенсаваць ваша пагаршэнне сітуацыі, вашы страты". Больш таго, Прэзідэнт Расіі прапанаваў і ў новым годзе прадоўжыць перагаворы па гэтым пытанні і выпрацаваць прымальнае рашэнне - і сам-насам, і ў складах рабочых груп", - расказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што гэта пытанне трэба было б урэгуляваць да 1 студзеня, але ніякай катастрофы з-за таго, што яно пакуль не вырашана, на сённяшні дзень няма. "Страты ад падатковага манеўру ў Беларусі ў гэтым годзе складуць смешную суму: пры $70 за бараль гэта будзе каля $400 млн. Гэта не катастрофа. Але мы на гэта пайсці не можам, таму што з 2015 года, калі быў уведзены гэты падатковы манеўр, мы ўжо страцілі $3,6 млрд. Да заканчэння гэтага падатковага манеўру, да 2025 года, мы страцім $10,6 млрд", - прывёў разлікі Прэзідэнт.

"Мы несці страты да ўзроўню мінулага года не можам. Таму ўсе страты павінны быць кампенсаваны па тых ці іншых напрамках супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй, - паставіў задачу ўраду Аляксандр Лукашэнка. - Я гэта і Прэзідэнту (Расіі. - Заўвага БЕЛТА) сказаў, як гэта ні было б балюча і сумна, і паўтараю гэта публічна, і даводжу да вашага ведама як даручэнне Прэзідэнта Беларусі. Вы яго павінны выканаць бездакорна і дакладна. Мы нічога не можам страціць".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што дзеянні расійскага боку супярэчаць духу і літары ўсіх дамоўленасцей, у тым ліку ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. "У Расіі сёй-той гаворыць: "У нас няма абавязацельстваў па кампенсацыі. Нідзе гэта ў саюзных дагаворах не прапісана". На што я задаю прамое пытанне: "Дык што, мы, падпісваючы гэтыя дагаворы (аб Саюзнай дзяржаве, ЕАЭС), разлічвалі на пастаяннае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў сувязі з нейкімі ўнутранымі дзеяннямі Расійскай Федэрацыі?" Не. Мы разлічвалі на лепшае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што ў тыя гады і размовы не ішло аб падатковых манеўрах. Бакі не маглі прадугледзець гэты момант у дамоўленасцях, таму што не існавала нават думкі, што з'явяцца такія пытанні. "Была агульная фармулёўка - "недапушчэнне пагаршэнняў у нашых адносінах", - заўважыў Прэзідэнт.

Раней ужо праводзіліся перагаворы па кампенсацыі страт беларускаму боку, і на іх былі выпрацаваны адпаведныя механізмы і вызначаны крыніцы. Прадстаўнікі Расіі публічна заявілі аб вырашэнні гэтага пытання ў станоўчым для Беларусі ключы. Аднак у хуткім часе, нагадаў Аляксандр Лукашэнка, расійскі бок рэзка спыніў перагаворы, не адмаўляючыся ад кампенсацыі, але адначасова заяўляючы аб неабходнасці паглыблення інтэграцыйных працэсаў.

"На пытанне, а якія гэта інтэграцыйныя працэсы, адказу ў расіян пакуль няма. Калі я прасіў назваць, што Расійская Федэрацыя сёння ў плане інтэграцыі хоча ад Беларусі, непасрэднага адказу не паступіла. І мы па прапанове Расійскай Федэрацыі згадзіліся, што гэтыя пытанні трэба вызначыць і паспрабаваць вырашыць у рабоце сумесных груп", - расказаў кіраўнік дзяржавы.

У канцы 2018 года такія рабочыя групы былі створаны. Расійскі бок у іх прадстаўляе кіраўнік Мінэканамразвіцця Расіі Максім Арэшкін, беларускі - міністр эканомікі Дзмітрый Крутой.

"Я абсалютна падтрымліваю прапановы, што там павінны быць службовыя асобы найвышэйшага ўзроўню, не толькі спецыялісты. Мы павінны весці перагаворы па комплексе пытанняў, якія абазначаны ў саюзным дагаворы. На першае месца (гэта была прапанова Прэзідэнта Расіі) мы павінны паставіць пытанні, якія павінны вырашацца ў першачарговым парадку: эканамічныя і фінансавыя", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Разам з тым ён падкрэсліў, што па ўсіх пытаннях ужо даўно прыняты рашэнні, проста, на думку Аляксандра Лукашэнкі, расійскі ўрад пра гэта забыў, інфармуючы расійскага лідара.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс