28 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду да красавіка вызначыцца з новай сістэмай рэгулявання цэн. Аб гэтым паведаміў журналістам першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў першага віцэ-прэм'ера, паколькі сама тэма цэнаўтварэння вельмі тонкая і складаная, палеміка ў час нарады была дастаткова актыўнай і нават эмацыянальнай.
"Для Прэзідэнта ўсё, што звязана з забеспячэннем сацыяльных стандартаў жыцця кожнага чалавека, пытанне нумар адзін. Таму дыскусія была актыўная. Урад прапанаваў два варыянты: першы - кароткатэрміновы, другі - сярэднетэрміновы. Кароткатэрміновы пабудаваны на прапанове бізнесу, з якім мы вельмі цесна, дэталёва адпрацоўвалі падыходы, якія задавольвалі б бізнес", - расказаў Мікалай Снапкоў.
Менавіта гэты падыход урад узяў за аснову і ўнёс на разгляд кіраўніка дзяржавы. Як растлумачыў першы намеснік прэм'ер-міністра, яго сутнасць заключаецца ў карэкціроўцы існуючай сістэмы рэгулявання цэн, рабоце на памылкамі, нівеліраванні існуючых скажэнняў і дысбалансаў на аснове існуючай практыкі.
"Прэзідэнтам прыняты такі падыход, даручана яго дапрацаваць сумесна з дзяржаўнымі органамі, аблвыканкамамі і бізнесам і ўнесці да 1 красавіка, лепш - да 25 сакавіка. Работа, у прынцыпе, не складаная, зразумелая. Што трэба адкарэкціраваць, мы разумеем", - заявіў Мікалай Снапкоў.
Прапанова ўрада на сярэднетэрміновую перспектыву заключаецца ў фарміраванні рэспубліканскай сістэмы абароту тавараў, работ і паслуг. "Сёння ў краіне ўжо рэалізуюцца некалькі платформ. Гэта платформа прасочвальнасці тавараў, платформа маркіроўкі тавараў, электроннага рахунка-фактуры і сістэма СККА (сістэма кантролю касавага абсталявання. - Заўвага БЕЛТА), якая ўкараняецца. Інтэграваўшы гэтыя сістэмы, зрабіўшы іх "дружалюбнымі", мы атрымліваем адзіны гандлёвы дакумент, па якім аналітычны цэнтр будзе бачыць увесь рух тавару, работ і паслуг у краіне. Асноўная мэта стварэння такой платформы - гэта сачэнне за дабаўленай вартасцю ў ланцужку руху тавару", - растлумачыў першы віцэ-прэм'ер.
Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева па выніках нарады дапоўніла: "Прынята рашэнне аб тым, што будзе дапрацавана існуючая сістэма (рэгулявання цэн. - Заўвага БЕЛТА). Пры гэтым пастаўлена задача, каб у дапрацоўцы ўдзельнічалі абсалютна ўсе - як губернатары, якія ведаюць сітуацыю ў рэгіёнах, так і кіраўнікі міністэрстваў і канцэрнаў, якія ажыццяўляюць вытворчасць спажывецкіх тавараў. Гэта павінен быць такі механізм, які дасць магчымасць спрасціць работу, але ў той жа час (што вельмі важна для насельніцтва), каб дакладна было зразумела, як будзе паводзіць сябе цана. Кіраўнік дзяржавы ставіць задачу, каб цана была кіруемай".
Яна падкрэсліла, што новы механізм, які Прэзідэнт даручыў дапрацаваць да 25 сакавіка, павінен абавязкова ўлічваць баланс інтарэсаў усіх бакоў: і вытворцаў, і пакупнікоў, і дзяржавы. Таму работа над дакументам будзе сумеснай, з удзелам урада, губернатараў, службовых асоб. "Кіраўніку дзяржавы будзе прадстаўлены дакумент, які будзе дапрацаваны ўсімі разам", - растлумачыла Іна Мядзведзева.
Што датычыцца сітуацыі з інфляцыяй у краіне, то старшыня Белстата заўважыла: прыняцце кіраўніком дзяржавы ў кастрычніку 2022 года рашэння "стоп цана", выпрацоўка адпаведных прапаноў і зацвярджэнне ўрадам пастаноў вельмі станоўча паўплывалі на стрымліванне інфляцыйных працэсаў. У выніку на працягу апошніх двух гадоў інфляцыя ў Беларусі крыху больш за 5 працэнтаў. Па выніках 2023 года яна склала 5,8 працэнта, а 2024-га - 5,2 працэнта (пры прагнозным паказчыку не больш за 6 працэнтаў).
Іна Мядзведзева растлумачыла, што пры разліку інфляцыі ўлічваюцца амаль 500 найменняў тавараў і паслуг, працуюць рэгістратары, якія штотыднёва сочаць за інфармацыяй у магазінах і рэгіструюць цэны. У месяц - каля 70 тыс. каціровак тавараў.
"Мы будзем рабіць усё, каб чалавек выразна разумеў: яго даходы не будуць паскорана абясцэньвацца. І калі ён прыйдзе купляць малако або смятану ў магазін, ён будзе дакладна разумець, на якую суму разлічваць, - падкрэсліла яна. - Бо галоўнае што? Галоўнае - спакой у краіне. Вельмі важна, калі спажывец прыходзіць, купляе і ён упэўнены ў цане".
Паводле даных Белстата, у Беларусі ўзровень малазабяспечанасці ўсяго 3,5 працэнта. Гэта мінімальны паказчык за ўсю гісторыю назіранняў. "І гэта дзякуючы таму, што кіраўнік дзяржавы зрабіў у 2022 годзе", - звярнула ўвагу Іна Мядзведзева.