Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

9 Ліп 2026

Лукашэнка бачыць рэальныя магчымасці для росту тавараабароту з Узбекістанам да $2 млрд да 2030 года

Лукашэнка бачыць рэальныя магчымасці для росту тавараабароту з Узбекістанам да $2 млрд да 2030 года

9 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць рэальныя магчымасці для росту тавараабароту з Узбекістанам да $2 млрд да 2030 года. Аб гэтым ён заявіў на перагаворах у шырокім складзе з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка даў высокую ацэнку дасягнутаму ўзроўню беларуска-ўзбекскага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, атмасферы дружбы і даверу. Ён адзначыў, што падпісанне Дэкларацыі аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Узбекістанам з'яўляецца гістарычнай падзеяй і надае візіту асаблівае значэнне.

"Мы паспяхова выконваем дасягнутыя ў 2024 годзе ў Ташкенце (у час афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі. - Заўвага БЕЛТА) дамоўленасці павялічыць аб'ёмы нашага гандлю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што ў 2025 годзе тавараабарот вырас больш як на 35 працэнтаў, а ў студзені - маі бягучага года тэмпы росту яшчэ вышэйшыя.

Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што ў краін ёсць рэальныя магчымасці выйсці да 2030 года на тавараабарот $2 млрд, у тым ліку за кошт умацавання ўзаемадзеяння ў сферах машынабудавання, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, фармацэўтыкі і шэрагу іншых.

"Прэзідэнт мне толькі што сказаў, што размова, якая ў нас адбылася ў вузкім складзе, - дзеля гэтага трэба было прыехаць у Беларусь. Таму што мы дамовіліся аб прынцыпова новым падыходзе ў нашых адносінах па адчувальных для Узбекістана і Беларусі напрамках супрацоўніцтва", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Каб нашы амбіцыйныя планы былі ажыццёўлены, урады падрыхтавалі дарожную карту, якая вызначае асноўныя напрамкі сумеснай работы на пяцігодку. Тоны, штукі, адказныя, тэрміны. Ключавым сярод іх з'яўляецца вытворчая кааперацыя, якая ўносіць істотны ўклад у тэхналагічны суверэнітэт Узбекістана", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Напрыклад, за год ва Узбекістане сабрана каля 1300 трактароў МТЗ, пры гэтым па асобных мадэлях лакалізацыя хутка складзе больш за 30 працэнтаў. "Гэта высокі ўзровень для пачатку. Разлічваем, што ў бліжэйшы час вытворчасць выйдзе на 3000 адзінак у год. Створана сэрвісная сетка, плануецца адкрыццё фірменнага вучэбнага класа", - сказаў кіраўнік дзяржавы. - І я паабяцаў Прэзідэнту: калі трэба, мы гатовы вашых людзей узяць на канвеер і хутка навучыць".

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што два гады таму стартаваў першы інвестыцыйны праект у сельскагаспадарчай галіне - стварэнне ў Ташкенцкай вобласці перадавога птушкагадоўчага комплексу поўнага цыкла - ад атрымання інкубацыйных яек да перапрацоўкі мяса і рэалізацыі гатовай прадукцыі. Паводле інфармацыі ўзбекскага боку, гэты праект паспяхова развіваецца.

Прэзідэнт таксама вітаў інтарэс узбекскага бізнесу да стварэння сучасных жывёлагадоўчых комплексаў на Віцебшчыне:  "Сёння мы дамаўляліся аб тым, каб узбекскія інвестары прыйшлі, дапусцім у Віцебскую вобласць, узялі ўчасткі зямель. Там арганізавана нядрэнна ўсё для таго, каб пачынаць працаваць, атрымліваць прадукцыю і пастаўляць адтуль мяса, малако, мяса птушкі ва Узбекістан, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Для вас гэта магчымасць атрымліваць і пастаўляць ва Узбекістан высакаякасную мясную прадукцыю, вытворчасцю якой вы будзеце займацца самі. А для Беларусі гэта людзі, новыя рабочыя месцы і развіццё вёскі".

"Росту колькасці такіх праектаў будзе садзейнічаць нядаўняе далучэнне Узбекістана да Пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі, заснаванні, дзейнасці і ажыццяўленні інвестыцый у рамках СНД. Цяпер у нашым распараджэнні не толькі двухбаковыя, але і шматбаковыя інвестыцыйныя механізмы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён асабліва адзначыў, што бакі ў развіцці супрацоўніцтва не абмяжоўваюцца выключна эканамічнай сферай - не менш важныя развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, рэалізацыя сумесных праектаў у навукова-тэхнічнай, сацыяльнай і культурна-гуманітарнай сферах.

Напярэдадні візіту Шаўката Мірзіёева ў Мінску паспяхова прайшоў ІІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана. "Гэта вельмі добрае мерапрыемства", - адзначыў Прэзідэнт.

"Гаворачы аб шматграннасці беларуска-ўзбекскага ўзаемадзеяння, мы не павінны забываць, што дасягнута гэта не толькі дзякуючы нам, мужчынам (сёння так атрымалася, што за сталом перагавораў адны мужыкі). Менавіта з Узбекістанам намі запушчаны ўнікальны фармат - Беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум, тры пасяджэнні якога адбыліся пад эгідай спікераў верхніх палат парламентаў. Упэўнены, у іх усё на кантролі, але наша падтрымка тут не перашкодзіць, і мы падтрымліваем гэтыя пачынанні", - адзначыў беларускі лідар.

Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Галоўнае - не стаяць на месцы (хоць кожны тыдзень, месяц - маленькі крок, каб людзі бачылі і ацэньвалі наш рух), не шукаць лёгкіх шляхоў, а выступаць з новымі своечасовымі ініцыятывамі і настойліва дабівацца рэалізацыі".

Прэзідэнт таксама запрасіў узбекскіх грамадзян сем'ямі прыязджаць у Беларусь на работу: "Давайце будзем разам працаваць. Беларусы вельмі добра ставяцца да ўзбекаў. Гэтак жа, як узбекістанскія грамадзяне ставяцца да беларусаў. Трэба гэта выкарыстоўваць".

"Давайце будзем рухацца насустрач адзін аднаму. Воля прэзідэнтаў ёсць, падтрымка ёсць, трэба дзейнічаць. Дзейнічаць хутка", - заклікаў беларускі лідар.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі