1 верасня, Цяньцзінь /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць патрэбнасць у незалежным фінансавым механізме Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Аб гэтым ён заявіў у сваім выступленні на саміце ў Цяньцзіні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У сучасных геапалітычных умовах, калі аднабаковыя санкцыі становяцца фактарам дэстабілізацыі, відавочна патрэбнасць у незалежным фінансавым механізме ШАС. У такім, які быў бы здольны фінансаваць трансгранічныя праекты, нівеліруючы санкцыйны націск, стымуляваць выкарыстанне нацыянальных валют у гандлі, падтрымліваць развіццё ключавых напрамкаў супрацоўніцтва - ад лагістыкі і энергетыкі да лічбавай трансфармацыі і штучнага інтэлекту", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён заявіў аб падтрымцы Беларуссю ідэі стварэння Банка развіцця ШАС, які надасць дадатковую ўстойлівасць эканамічным сувязям і стане важным крокам да эканамічнага суверэнітэту рэгіёна. "Але мы ўсе разумеем, што карысць ад гэтага банка будзе толькі ў тым выпадку, калі ён зможа працаваць у кожнай з краін "шанхайскай сям'і", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама вітаў актывізацыю дыялогу па спрашчэнні працэдур гандлю ўнутры ШАС, што будзе садзейнічаць зніжэнню бар'ераў, росту тавараабароту і трансгранічных інвестыцый.
"Ужо сёння аб'ём гандлю паміж краінамі ШАС перасягнуў $2 трлн, і такія лічбы не мяжа. Разлікі ў нацыянальных валютах, стварэнне сумесных фондаў, інвестыцыі ў лічбавую эканоміку і зялёныя тэхналогіі - усё гэта будзе ў цэнтры нашай увагі", - упэўнены кіраўнік беларускай дзяржавы.