Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

4 Лют 2020

Літва прапануе наладзіць рэгулярныя пастаўкі нафты і газу ў Беларусь праз сваю інфраструктуру

Літва прапануе наладзіць рэгулярныя пастаўкі нафты і газу ў Беларусь праз сваю інфраструктуру
Лінас Лінкявічус

4 лютага, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Літва прапануе Беларусі інтэнсіўна выкарыстоўваць яе інфраструктуру для наладжвання рэгулярных паставак нафты і газу. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус па выніках сустрэчы з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзімірам Макеем, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы гатовы прадаўжаць практыку альтэрнатыўных паставак нафты, якія праходзілі ўжо. Мы можам абмяркоўваць і больш пастаянны працэс. Аб гэтым якраз гаварылася на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі. Мы павінны разгледзець тэхнічныя рашэнні, магчымасці паставак газу. Тут наперадзе вялікая работа", - сказаў Лінас Лінкявічус.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Уладзімір Макей адзначыў, што дэталёва магчымасці паставак газу праз Літву пакуль не прапрацоўваліся. "Мы абмяркоўвалі гэтыя пытанні, але канкрэтыка павінна абмяркоўвацца на ўзроўні экспертаў", - сказаў ён.

Плануецца, што ў маі ў Клайпедзе пройдзе беларуска-літоўскі эканамічны форум, на якім змогуць сустрэцца прэм'ер-міністры дзвюх краін і абмеркаваць увесь спектр пытанняў.

Што датычыцца эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Літвы, то яно паступова пашыраецца. Паводле слоў Лінаса Лінкявічуса, у Літве працуюць звыш 600 кампаній з беларускім капіталам, расце таксама аб'ём інвестыцый з Беларусі.

На перагаворах абмяркоўвалася таксама сітуацыя вакол пагаднення альянсу літоўскай кампаніі KRS і "Белтрубаправодбуда". Беларускі бок заяўляў аб умяшанні ўрада Літвы ў камерцыйную здзелку пад надуманай падставай "неадпаведнасці інтарэсам нацыянальнай бяспекі". У выніку беларуская кампанія, якая цалкам задавольвала ўсе патрабаванні і прапаноўвала найбольш выгадныя ўмовы, была фактычна выключана з праекта.

"Вядома, мы спадзяёмся, што ў будучым такіх непаразуменняў не будзе", - адзначыў Лінас Лінкявічус.

"Мы дамовіліся, што датычыцца развіцця і паглыблення гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, то пажадана, каб мы іх будавалі, не палітызуючы тыя ці іншыя бакі. Ёсць разуменне адносна таго, што нам трэба сканцэнтравацца на развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва без палітычных момантаў", - падкрэсліў Уладзімір Макей.

Як паведамлялася, у сувязі з прыпыненнем паставак нафты з Расіі з 1 студзеня 2020 года (бакі не дасягнулі дамоўленасцей па цане), Беларусь стала актыўна весці пошукі альтэрнатыўных крыніц. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада дыверсіфікаваць пастаўкі нафты і імкнуцца пастаўляць з расійскага рынку 30-40 працэнтаў ад неабходных аб'ёмаў. "Трэба ісці да таго, што 30-40 працэнтаў мы будзем купляць нафты ў Расійскай Федэрацыі. Працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну - правераны ўжо шлях. Магчыма, Казахстан зможа паставіць нам нафту, калі Расія згодзіцца з гэтым. Дзіўна: наш саюзнік не дае згоды на пастаўку нафты ад нашага іншага саюзніка. Што ж, такая сітуацыя цяпер па пастаўках нафты, і мы павінны ў гэтым разабрацца", - заяўляў кіраўнік дзяржавы.

26 студзеня ў Наваполацк для перапрацоўкі ў ААТ "Нафтан" паступіла першая партыя нарвежскай нафты. Яна была дастаўлена ў Беларусь з Клайпедскага порта па чыгунцы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі