Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

2 Ліс 2021

Кітай мае намер разам з Беларуссю прадоўжыць праекты ў ініцыятыве "Адзін пояс, адзін шлях"

Кітай мае намер разам з Беларуссю прадоўжыць праекты ў ініцыятыве

2 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кітай мае намер разам з Беларуссю прдоўжыць рэалізацыю сумесных высокаэфектыўных праектаў у рамках ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях", а таксама пастаянна ўмацоўваць супрацоўніцтва ў галіне лічбавай эканомікі. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Се Сяаюн, выступаючы 1 лістапада на цырымоніі адкрыцця праграмы "Насенне будучыні 2021", якая прайшла ў анлайн-фармаце, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"З моманту свайго запуску ў 2014 годзе праграма паспяхова праводзіцца ў Беларусі ўжо 6 гадоў запар, - сказаў пасол. - На фоне чарговага пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі кампанія вырашыла правесці праграму ў анлайн-фармаце, што ў поўнай меры адлюстроўвае адказнае стаўленне да здароўя і бяспекі навучэнцаў". Дыпламат падкрэсліў важнасць ажыццяўлення ва ўзаемадзеянні з міністэрствамі сувязі і інфарматызацыі, утварэння гэтай навучальнай праграмы кампаніяй Huawei у Беларусі. Праграма накіравана на перадачу перадавых ведаў, развіццё талентаў у галіне ІКТ і садзейнічанне развіццю лічбавай эканомікі краіны.

Се Сяаюн звярнуў увагу, што нядаўна старшыня КНР Сі Цзіньпін на Юбілейнай канферэнцыі з нагоды 50-годдзя з дня аднаўлення законнага месца краіны ў ААН адзначыў прыхільнасць кітайскага народа да сумеснага развіцця, аказання дапамогі краінам, якія сталі на шлях развіцця, і пастаяннага прадастаўлення новых магчымасцей для свету шляхам развіцця Кітая. "Цяпер кітайска-беларускія адносіны давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва падтрымліваюць стабільную дынаміку развіцця на высокім узроўні. А супрацоўніцтва ў розных галінах дае плённыя вынікі, - адзначыў кіраўнік дыпламатычнай місіі. - Кітайскі бок гатовы разам з беларускім прадаўжаць пашыраць высокаэфектыўныя сумесныя праекты ў рамках ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях", а таксама пастаянна ўмацоўваць супрацоўніцтва ў галіне лічбавай эканомікі і надаць новы імпульс далейшаму ўмацаванню дружалюбных адносін паміж дзвюма дзяржавамі".

Дыпламат сказаў, што настала эра глабальнай лічбавай эканомікі і ў будучым навукаёмістая інфармацыйная індустрыя стане вядучай галіной. У сувязі з гэтым пасол звярнуў увагу, што кампанія Huawei адказна працуе на беларускім рынку на працягу 20 гадоў, уносіць свой уклад у развіццё штучнага інтэлекту, Інтэрнэту рэчаў, 5G і іншых тэхналагічных распрацовак. Яна адкрыла вучэбныя цэнтры ў беларускіх універсітэтах і на сённяшні дзень навучыла больш за 2 тыс. маладых беларускіх талентаў. "З радасцю адзначу, што адабраныя для праграмы навучэнцы прадстаўляюць 7 беларускіх ВНУ", - падкрэсліў ён.

У сваю чаргу дырэктар ТАА "Бел Хуавэй Тэхноладжыс" Ван Чэнь расказаў, што ў чэрвені 2021 года ў час форуму "ТІБО" была праведзена цырымонія запуску праграмы "Насенне будучыні" і праз 4 месяцы адборачных этапаў 20 удзельнікаў прайшлі ў фінал. "Рэспубліка Беларусь мае вельмі добрую навуковую базу і асяроддзе для развіцця талентаў, - лічыць ён. - Мы ўдзяляем асаблівую ўвагу навучанню таленавітай моладзі ў сферы ІКТ у Беларусі. Штогод у рамках флагманскай праграмы "Насенне будучыні", міжнароднага ІКТ-конкурсу, спаборніцтваў мы ствараем магчымасці  для адабраных на розных узроўнях маладых спецыялістаў для міжкультурнага абмену і навучання ў Кітаі. У той жа час самыя таленавітыя юнакі і дзяўчаты атрымліваюць магчымасць прайсці стажыроўку ў нашай кампаніі".

Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган падкрэсліў, што гэта праграма з'яўляецца важнай для беларускага боку. Ён сказаў, што ў Беларусі выбудавана сістэма якаснай падрыхтоўкі студэнтаў, а кітайскі бок прадастаўляе дадатковыя магчымасці для навучання ў канкрэтнай галіне. Кіраўнік ведамства выказаў упэўненасць, што атрыманыя веды юнакі і дзяўчаты змогуць выкарыстаць на карысць развіцця нашай дзяржавы. Канстанцін Шульган звярнуў увагу, што ў перыяд эпідэміі Беларусь і Кітай пацвердзілі сапраўдную дружбу, што выяўляецца на ўсіх узроўнях.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка назваў эфектыўным узаемадзеянне з кітайскай кампаніяй. Дзякуючы рэалізацыі адукацыйнай праграмы студэнты маюць магчымасць пабываць у штаб-кватэры Huawei ў Кітаі, папрацаваць на самым сучасным абсталяванні ў інавацыйных лабараторыях. Ён звярнуў увагу, што прызёры і пераможцы праграмы затым прадаўжаюць сваё навучанне і працоўную дзейнасць у Беларусі. "Калі ў 2019 годзе пераможцамі і лаўрэатамі праграмы сталі 10 студэнтаў з 2 ВНУ, то ў 2020 годзе - 30 студэнтаў з 8 устаноў вышэйшай адукацыі. Праграмы праекта садзейнічаюць умацаванню адукацыйных сувязей паміж Беларуссю і КНР, а таксама сведчаць аб высокай сацыяльнай адказнасці кампаніі", - адзначыў міністр. Ён пажадаў усім удзельнікам праграмы новых эфектыўных рашэнняў у сферы ІКТ.

У гэтым годзе фіналістамі адборачнага тура сталі студэнты сямі беларускіх ВНУ. У прыватнасці, гэта БДУ, БНТУ, БДУІР, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы, Гомельскі дзяржуніверсітэт імя Францыска Скарыны, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Пераможцы змогуць прыняць удзел у васьмідзённай праграме, якая будзе арганізавана 1-8 лістапада. Іх чакае праходжанне курсаў па 5G, воблачных вылічэннях; знаёмства з традыцыйным і сучасным Кітаем шляхам віртуальных экскурсій; лекцыі і семінары з экспертамі кампаніі; інтэрактыўныя заняткі з групавымі дыскусіямі, дэбаты, дыялогі за круглым сталом; удзел у групавым праекце Tech4Good; віртуальнае наведванне выставачных залаў, кампусаў і інавацыйных цэнтраў.

Глабальная кітайская праграма "Насенне будучыні" была заснавана ў 2008 годзе. У ёй удзельнічаюць прадстаўнікі больш як 500 вядучых ВНУ свету, якія навучаюцца па тэхнічных спецыяльнасцях і цікавяцца тэлекамунікацыямі. За ўвесь час дзеяння праграмы яе прайшлі звыш 30 тыс. чалавек з больш як 126 краін свету.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі