12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын на пасяджэнні Наглядальнага савета Парка высокіх тэхналогій абазначыў прыярытэтныя пытанні для работы ПВТ і назваў важныя моманты рэгулявання сферы выкарыстання крыптавалюты ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Вынікі першага паўгоддзя для Парка высокіх тэхналогій выклікаюць асцярожны аптымізм, адзначыў Аляксандр Турчын. "Расце колькасць рэзідэнтаў парка, колькасць работнікаў у гэтых кампаніях, выручка, экспарт, але тым не менш гэта не прычына для самазаспакаення. Мы бачым рэзервы, якія ў нас ёсць, бачым, куды нам рухацца", - падкрэсліў ён.
Паводле слоў прэм'ер-міністра, на пасяджэнні будуць разгледжаны некалькі важных пытанняў. У прыватнасці, адно з іх было ўзнята сёння Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам у час даклада старшыні Нацбанка Рамана Галоўчанкі аб развіцці банкаўскай сферы - выкарыстанне крыптавалют. "Гэта пытанне актуальнае не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце. Але гэта сфера вельмі значная, таму яе рэгуляторыка, з аднаго боку, павінна надаць імпульс гэтай дзейнасці, а з іншага - мы павінны разумець усе нашы абавязацельствы як краіны, каб не дапусціць негатыўных наступстваў", - звярнуў увагу кіраўнік урада.
Важнейшае пытанне, якое таксама разгледзяць на пасяджэнні, - адукацыйныя праекты ПВТ. "Сёння адукацыя з'яўляецца важнейшым складнікам, у тым ліку і для IT-галіны. Мы дамаўляліся аб шэрагу нашых праектаў, якія павінны запусціць", - сказаў прэм'ер.
Удзеляць увагу на пасяджэнні і пілотным праектам у сферы лічбавага развіцця, якія рэалізуюць у ПВТ.