Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

17 Чэр 2022

Колькасць электрамабіляў у Беларусі дасягнула 10 тыс.

Колькасць электрамабіляў у Беларусі дасягнула 10 тыс.
Фота з архiва

17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць электрамабіляў у Беларусі перасягнула 10 тыс. Аб гэтым паведаміў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч у час адкрыцця Дня электратранспарту ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Колькасць удзельнікаў выстаўкі штогод павялічваецца, гэта яшчэ раз падкрэслівае цікавасць да развіцця электратранспарту. Для развіцця гэтага напрамку ў нашай краіне створаны камфортныя ўмовы, дзейнічаюць стымулюючыя меры. Штогод павялічваецца колькасць электразарадных станцый - іх агульная колькасць па краіне складае 680. У адпаведнасці з указам Прэзідэнта дзяржаўным аператарам па стварэнні зараднай сеткі вызначана ВА "Беларуснафта". Ва ўзаемадзеянні з энергазабеспячальнымі арганізацыямі Мінэнерга забяспечана сістэмная работа ў гэтым напрамку", - сказаў Віктар Каранкевіч.

Усё гэта дае вынік. "Паводле апошніх даных, колькасць электрамабіляў у Беларусі дасягнула 10 тыс. Рост за мінулы год - больш як у 2 разы", - адзначыў міністр.

Растуць і аб'ёмы спажывання электраэнергіі зараднымі станцыямі для электратранспарту: у 2021 годзе гэты паказчык павялічыўся ў 1,4 раза ў параўнанні з 2020 годам да 10 млн кВт.гадз. Дадатная дынаміка захоўваецца і ў бягучым годзе.

Пашыраецца і парк грамадскага электратранспарту - на гарадскіх маршрутах сёння курсіруе больш за 100 электробусаў. "Гэта экалагічны, надзейны від транспарту, які забяспечвае высокі ўзровень камфорту для пасажыраў", - падкрэсліў Віктар Каранкевіч.

Папулярнасць электратранспарту расце і ў цэлым у свеце. Так, у 2021 годзе сусветныя продажы электрамабіляў падвоіліся, агульная колькасць склала 16 млн. На думку міністра, гэтаму садзейнічаюць агульна сусветная тэндэнцыя да дэкарбанізацыі, адмова вялікіх аўтавытворцаў ад вытворчасці аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання.

Паводле прагнозаў Міжнароднага энергетычнага агенцтва, да 2030 года агульная колькасць электрамабіляў у свеце дасягне 200 млн.

Дзень электратранспарту праводзіцца ўжо трэці год для папулярызацыі электрамабіляў як экалагічнага і эканамічнага віду транспарту, які садзейнічае фарміраванню камфортнага гарадскога асяроддзя. На гэты раз выстаўка разгарнулася на пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі. У ёй прымаюць удзел больш за 20 кампаній.

Гэта ўнікальная пляцоўка, дзе можна ўбачыць усе віды электратранспарту - ад легкавых і грузавых электрамабіляў, электробусаў да электраматацыклаў і электравеласіпедаў. У склад выстаўкі таксама ўвайшлі новыя ўзоры электрагрузавіка, электрамінівэна айчыннай вытворчасці. Жадаючыя могуць даведацца аб развіцці сеткі зарадных станцый для электрамабіляў і перспектывах яе пашырэння.

Выстаўка сабрала шырокае кола ўдзельнікаў - прадстаўнікоў прамысловага комплексу, навуковых арганізацый, кампаній - імпарцёраў электрамабіляў. У іх ліку - "БКМ Холдынг", МАЗ, "АМКАДОР", "Беларуснафта", Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, мотавелазавод, "БЕЛДЖЫ", кампаніі Green cars, Tesla cars, Electro car, MultiMotors, Sidus Auto і іншыя.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Міністэрства энергетыкі сумесна з Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам "Вялікі камень" пры садзейнічанні Мінгарвыканкама.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі