31 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да канца года ў Беларусі будзе рэалізавана яшчэ 60 праектаў па ініцыятыве "Адзін раён - адзін праект". Аб гэтым расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення інвестыцыйнай і будаўнічай дзейнасці Міністэрства эканомікі Дзмітрый Клімянкоў у праекце БЕЛТА "Краіна гаворыць".
Ініцыятыва "Адзін раён - адзін праект" - гэта адзін з асноўных элементаў арганізацыйнай работы, які дапамог паскорыць інвестыцыйнае развіццё ў Беларусі. "Калі гаварыць аб выніках, то ў нас каля двухсот праектаў у рамках гэтай праграмы. У краіне 129 адміністрацыйных тэрытарыяльных адзінак, а праектаў - 218. Значыць, у некаторых раёнаў па два і больш праекты. На сёння прыкладна па 100 праектах завершана інвестыцыйная стадыя, 86 раёнаў ужо ўвялі іх у эксплуатацыю - інвестыцыйны этап завершаны, падпісаны акт уводу, пачынаецца этап выхаду на праектныя магутнасці, калі абсталяванне працуе на поўную магутнасць і выпускае прадукцыю ў поўным аб'ёме", - адзначыў Дзмітрый Клімянкоў.

Такім чынам, дзве трэці раёнаў, 86 са 129, ужо завяршылі праекты. Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення, да канца года чакаецца завяршэнне яшчэ каля 60 праектаў. "Ёсць у рэгіёнах буйныя праекты, напрыклад, у Магілёве - вытворчасць карбону, у Мінскай вобласці - дрэваапрацоўка і харчовая прамысловасць. Я не хачу вылучаць асобныя праекты, таму што параўноўваць іх па аб'ёме інвестыцый можа быць некарэктна. Для нейкага раёна праект на Br1 млн са стварэннем 10 рабочых месцаў можа мець вялікае значэнне. Мы разумеем, што ў невялікіх раёнах не можа з'явіцца буйны праект - усё залежыць ад кампетэнцый, кадраў, магчымасцей і інфраструктуры, - растлумачыў ён. - Ва ўсіх розныя ўмовы. Галоўнае ў гэтай ініцыятыве - каб у кожным раёне быў хаця б адзін праект".

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту