8 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб'ёмы экспарту за 2024 год Белкаапсаюз перасягнуў ужо за 10 месяцаў 2025-га, паведаміла ў інтэрв'ю часопісу "Экономика Беларуси" старшыня праўлення Белкаапсаюза Інеса Караткевіч.
"Прадаўжаем павялічваць пастаўкі за мяжу. І гэта не толькі традыцыйныя рынкі - Расіі (тэмп росту 104,7 працэнта), Казахстана (298 працэнтаў), але і новыя - Камбоджа (235 працэнтаў), Тайланд (158 працэнтаў). У нашых замежных пакупнікоў пастаянным попытам карыстаюцца мясапрадукты, пушніна-футравая сыравіна, скураны паўфабрыкат са шкур буйной рагатай жывёлы, кніжка ялавічная і іншае. З'яўляюцца новыя віды экспартна арыентаванай прадукцыі. Напрыклад, кармы для жывёл, якіх у 2025 годзе экспартавана больш за 400 т", - адзначыла Інеса Караткевіч.
Зверагадоўчую галіну спажыўкааперацыі прадстаўляе ўнітарнае прадпрыемства "Гроднакаапмех", якое аб'ядноўвае дзве зверафермы ў Гродзенскім і Пінскім раёнах. Галіна арыентавана ў першую чаргу на экспарт. У 2025 годзе ў Шанхаі з прадстаўнікамі Кітайскай асацыяцыі вытворцаў вырабаў са скуры падпісана дарожная карта двухбаковага супрацоўніцтва на 2025-2026 гады. Дакумент прадугледжвае план мерапрыемстваў па развіцці гандлёва-эканамічных адносін, уключаючы нарошчванне паставак пушніна-футравай сыравіны ў Кітай, вывучэнне магчымасці стварэння сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці футравых вырабаў, а таксама супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы кадраў і абмене вопытам і тэхналогіямі вырошчвання клетачных жывёл, вытворчасці прадукцыі.
"Паспяхова завяршыліся таргі на Беларускай універсальнай таварнай біржы з удзелам расійскіх і кітайскіх пакупнікоў. Усе прадстаўленыя лоты былі прададзены", - рэзюмавала старшыня праўлення Белкаапсаюза.