7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цяпер важна накіраваць усе сілы і сканцэнтравацца на выкананні дарожнай карты супрацоўніцтва Беларусі і Амана. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Віктар Каранкевіч па выніках перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Султанам Амана Хайсамам бен Тарэкам Аль Саідам і цырымоніі абмену тэкстамі падпісаных двухбаковых дакументаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пакет міжнародных дагавораў, якімі абмяняліся Беларусь і Аман, уключаў і дарожную карту, якая, паводле слоў віцэ-прэм'ера, вызначае асноўныя напрамкі развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва дзвюх краін. Дакумент прадугледжвае рэалізацыю тых дамоўленасцей, якія дасягнуты на вышэйшым узроўні, у тым ліку па буйным праекце ў дрэваперапрацоўцы і ў цэлым па прамысловасці, стварэнні сумесных прадпрыемстваў. Уключаны ў дарожную карту таксама пытанні супрацоўніцтва ў сельскагаспадарчай сферы, паставак харчовых прадуктаў і дзіцячага харчавання, развіцця турызму. Асаблівая ўвага ўдзелена культурнаму ўзаемадзеянню.
"Дарожная карта даволі дэталізаваная і закранае практычна ўсе напрамкі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. У першую чаргу па рэалізацыі тых дамоўленасцей, якія былі дасягнуты на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў", - удакладніў Віктар Каранкевіч.
Ён таксама растлумачыў, што ў дакуменце абазначаны тэрміны для выканання пастаўленых задач і тыя, хто за гэта адказны. "Самая галоўная задача на ўзроўні ўрада, органаў дзяржкіравання і суб'ектаў гаспадарання - забяспечыць рэалізацыю ўсіх намечаных планаў, усіх пунктаў дарожнай карты, планаў мерапрыемстваў ва ўстаноўленыя тэрміны і ў поўным аб'ёме, - падкрэсліў віцэ-прэм'ер. - Самае галоўнае цяпер - накіраваць усе сілы і сканцэнтравацца на выкананні дарожнай карты".
Усё гэта, на яго думку, дасць магчымасць раскрыць яшчэ не задзейнічаны патэнцыял у адносінах паміж Беларуссю і Аманам і нарасціць узаемадзеянне.
Паводле даных беларускага боку, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Аманам дынамічна развіваецца і атрымала асаблівы імпульс за апошнія два гады. Тавараабарот дзвюх краін за 2024 год склаў $8,44 млн, павялічыўшыся ў 2,2 раза ў параўнанні з 2023-м. Паказальна, што гэты аб'ём складваецца пераважна з беларускага экспарту, які павялічыўся за год у 2,3 раза і дасягнуў $8,16 млн. Істотны рост адбыўся ў тым ліку за кошт нарошчвання паставак сухога малака, малочнай сыроваткі, рухавікоў.