15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У беларускіх вучоных ёсць кампетэнцыі для таго, каб павялічыць імпартазамяшчэнне ветэрынарных прэпаратаў. Аб гэтым журналістам заявіў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы аб развіцці біяфармацэўтыкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адказваючы на пытанне аб выпуску ветэрынарных прэпаратаў, Уладзімір Каранік падкрэсліў, што Акадэмія навук ніколі не выключалася з гэтага працэсу. Паводле яго слоў, з вытворцамі вакцын актыўна працуе Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М. Вышалескага. "Тут пастаўлена задача і ў далейшым павялічваць імпартазамяшчэнне. Кампетэнцыі ёсць", - запэўніў старшыня Прэзідыума НАН.
Уладзімір Каранік звярнуў увагу, што асартымент вакцын, распрацаваны беларускімі спецыялістамі, дае магчымасць лячыць увесь спектр хвароб буйной рагатай жывёлы. Але магутнасцей вытворчасці для закрыцця айчыннага рынку не хапае.
"Сёння якраз гэта абмяркоўвалася. Была пастаўлена задача ў самы кароткі тэрмін гэту неадпаведнасць патрэбнасцей і магчымасцей ліквідаваць, каб забяспечыць сваю сферу АПК і добры экспартны патэнцыял", - дадаў Уладзімір Каранік.