30 ліпеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Брэст актуалізаваў задачы для аграрыяў на час уборачнай кампаніі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт выказаўся аб неабходнасці дастойна правесці ўборачную кампанію, нягледзячы на пераменлівае надвор'е і вялікую колькасць ападкаў. "Ліла ўсюды аднолькава. Цяпер трэба ўбраць збожжа. У цэлым па краіне (ураджай. - Заўвага БЕЛТА) павінен быць не ніжэйшы за ўзровень мінулага года. Калі 12 млн тон дасце - гэта будзе вялікае дасягненне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але нават 11,5 млн тон - гэта добра".
Акрамя таго, падкрэсліў ён, ужо цяпер трэба рыхтаваць землі пад азімы палетак. Для гэтага неабходна забяспечыць аграрыяў неабходнай колькасцю сельскагаспадарчай тэхнікі. "Трэба рыхтаваць (зямлі. - Заўвага БЕЛТА) пад азімы палетак, трэба араць. Паўтара трактара ў цябе ўсяго - трэба павялічваць, Пётр Аляксандравіч, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка. - Рапс трэба да 20 жніўня пасеяць, у цябе таксама".



Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на становішчы спраў у Брэсцкай вобласці, у прыватнасці ў сельскай гаспадарцы. Падлятаючы да Брэста, ён вывучыў з борта верталёта стан палёў рэгіёна. "Увогуле, нядрэнна, але захаплення ніякага няма. Я падумаў, не дай бог, у нас на зямлі і ў Гродзенскай вобласці так, як у Брэсцкай, - гэта будзе нядобра. Усё ж такі Гродзенская вобласць была ў нас лідарам у гэтых адносінах, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я не гавару, што дрэнна (у Брэсцкай вобласці. - Заўвага БЕЛТА), але захаплення не выклікае".
"Тое, што ты ўбярэш, я не сумняваюся, - сказаў Аляксандр Лукашэнка Пятру Пархомчыку. - Мяне цікавіць іншае - ураджайнасць збожжавых і гэтак далей".
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы выказаўся аб неабходнасці выканання дысцыпліны. Прэзідэнт упэўнены: беларусы могуць шмат чаго дасягнуць, калі на ўсіх узроўнях будзе наладжана працоўная і тэхналагічная дысцыпліна.
"Наша самая галоўная праблема - адсутнасць тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны. Усё можам, калі ёсць дысцыпліна. Дзе Прэзідэнт праехаў, там добра. Але я ж не ўсюды бываю, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба наш народ прывучаць да дысцыпліны. Будзе дысцыпліна - мы ўсё зможам".