Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

20 Стд 2016

Японская Kawasaki зацікаўлена ў супрацоўніцтве з вучонымі Беларусі ў сферы вадародных тэхналогій

20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Карпарацыя Kawasaki Heavy Industries, Ltd. зацікаўлена ў супрацоўніцтве з вучонымі Беларусі ў сферы вадародных тэхналогій і іншых галінах, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук па выніках сустрэчы з дэлегацыяй японскай карпарацыі.

"Кіраўнік дэлегацыі Kawasaki, генеральны менеджар цэнтра стратэгічнага міжнароднага маркетынгу Макота Нода выказаў асаблівую зацікаўленасць у супрацоўніцтве з беларускімі вучонымі ў галіне вадародных тэхналогій, тэхналогіі электронна-прамянёвай зваркі, даследавання ўласцівасцей клетак", - адзначылі спецыялісты. Макота Нода таксама падкрэсліў, што японскі бок хоча разгледзець магчымасці супрацоўніцтва з арганізацыямі НАН Беларусі.

Паводле даных прэс-службы, у цэнтры ўвагі былі пытанні пашырэння перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння беларускага і японскага бакоў у галіне прамысловасці, энергетыкі і машынабудавання. З беларускага боку ў перагаворах прынялі ўдзел кіраўнікі арганізацый фізіка-тэхнічнага Аддзялення НАН Беларусі.

"Дзейнасць кампаніі Kawasaki - добры прыклад таго, як, выкарыстоўваючы навуку, можна атрымаць добрыя камерцыйныя вынікі. НАН Беларусі гатова супрацоўнічаць з японскай карпарацыяй па самым шырокім спектры напрамкаў", - працытавалі ў прэс-службе першага намесніка старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргея Чыжыка. Сярод названых напрамкаў - вадародная энергетыка, новыя тэхналогіі электронна-прамянёвай зваркі, стварэнне шматфункцыянальных і спецыяльных матэрыялаў, гідраабразіўнай рэзкі (рэзка вадой), распрацоўка і вытворчасць біямедыцынскіх клетачных прадуктаў.

Акрамя таго, члены дэлегацыі Kawasaki Heavy Industries, Ltd. змаглі азнаёміцца з новымі распрацоўкамі вучоных Акадэміі навук на выстаўцы "Дасягненні айчыннай навукі - вытворчасці".

Kawasaki Heavy Industries, Ltd. - японская карпарацыя, створаная ў 1896 годзе. Гэта адзін з буйнейшых у свеце прамысловых канцэрнаў. Вырабляе практычна поўны асартымент прадукцыі цяжкай прамысловасці, у тым ліку рухавікі ўнутранага згарання для наземнага, паветранага і воднага транспарту. Буйнейшы вытворца рухавікоў для аэракасмічнай прамысловасці і для падводных лодак. Сярод выпускаемых Kawasaki тавараў - матацыклы і мотаўсюдыходы. Колькасць работнікаў кампаніі складае больш за 30 тыс. чалавек.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі