Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

25 Aug 2020

Галоўчанка: у I паўгоддзі склалася дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі

Галоўчанка: у I паўгоддзі склалася дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі
Раман Галоўчанка ў час пасяджэння

25 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь у першым паўгоддзі атрымала дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі. Аб гэтым паведаміў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка сёння на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Па выніках першага паўгоддзя склалася дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў памеры $757 млн, што на $488 млн больш, чым у 2019 годзе. Гэта добра для плацежнага балансу і для макраэканамічнай збалансаванасці. Але па-ранейшаму дадатнае сальда выцягваюць паслугі", - сказаў Раман Галоўчанка.

Паводле даных Нацыянальнага банка, экспарт тавараў і паслуг за першыя шэсць месяцаў бягучага года склаў 83,1 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года. "Такі рэзультат часткова можна растлумачыць пандэміяй, замарожваннем рынкаў, цэлым комплексам знешніх фактараў, якія, несумненна, аказалі ўплыў на стан знешнегандлёвай дзейнасці. Змяніліся цэнавая і таварная кан'юнктура на знешніх рынках, былі праблемы ў нафтаперапрацоўцы і іншых галінах. Тым не менш, шэраг галін практычна не адчуў уплыву эпідэміялагічных абмежаванняў і нават палепшыў свае вынікі ў знешнім гандлі. Экспарт сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання вырас на 6,4 працэнта, адукацыйных паслуг - на 3,1 працэнта, камп'ютарных і інфармацыйных паслуг - на 21,6 працэнта", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Раман Галоўчанка падкрэсліў, што замежныя ўстановы з'яўляюцца асноўнымі апорнымі кропкамі па прасоўванні тавараў і паслуг на знешнія рынкі, і звярнуў увагу на тое, што ім трэба актывізаваць работу. Ён таксама нагадаў аб неабходнасці выйсці на экспартную формулу 30-30-30. "За першае паўгоддзе доля экспарту ў краіны ЕАЭС склала 50,2 працэнта, у ЕС - 17,1 працэнта, іншыя краіны - 32,7 працэнта. Асноўная прычына прасядання па рынку ЕС - спад экспарту нафтапрадуктаў у Еўропу", - праінфармаваў прэм'ер-міністр.

"Нягледзячы на наяўнасць аб'ектыўных праблем, рэзультаты экспарту маглі быць значна лепшыя. Рынак цяпер паступова ажывае. У нас ёсць перавагі: мы не спынялі вытворчасці, панеслі менш страт, накапілі пэўныя запасы, таму нам ёсць што прапанаваць. Цяпер важна не ўпусціць момант. Інструменты падтрымкі і стымулявання экспарту, у тым ліку на новых рынках, у нас ёсць. Трэба рухацца наперад", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі